Пошук

Анёл Панскі: Бог дае надзею тым, каго свет лічыць безнадзейнымі

Евангельскія благаслаўленні – гэта святло, якое Пан запальвае ў паўзмроку гісторыі, адкрываючы чалавецтву свой план збаўлення, нагадаў Леў XIV падчас нядзельнай малітвы “Анёл Панскі”, якая 1 лютага 2026 года прайшла ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У сваім нядзельным разважанні на малітве “Анёл Панскі”, Папа нагадаў вернікам пра цэнтральнае месца евангельскіх благаслаўленняў (Мц 5:1-12), назваўшы іх “выдатнай старонкай Добрай Навіны, якую Езус абвяшчае ўсяму чалавецтву”. Ён падкрэсліў, што благаслаўленні – гэта святло, якое Пан запальвае ў паўзмроку гісторыі, раскрываючы свой план збаўлення, які Айцец ажыццяўляе праз Сына моцай Святога Духа.

У Нагорным казанні Хрыстус дае вучням новы закон, запісаны хутчэй у сэрцах, чым на камені. Гэты закон абнаўляе чалавечае жыццё нават тады, калі свет здаецца няўдалым і нікчэмным. Толькі Бог можа назваць шчаслівымі ўбогіх духам і засмучаных, бо Ён – найвышэйшае Дабро, якое дорыць сябе кожнаму з бясконцай любоўю. Толькі Бог можа насыціць тых, хто шукае міру і справядлівасці, бо Ён – праведны суддзя свету, крыніца вечнага супакою. Толькі ў Богу лагодныя, міласэрныя і чыстыя сэрцам знаходзяць радасць, таму што Ён – спаўненне іх чаканняў. У часы пераследу Ён – крыніца адкуплення, у часы хлусні Ён – крыніца ісціны. Таму Езус заклікае: "Радуйцеся і весяліцеся!" – патлумачыў Папа.

Пантыфік заўважыў, што гэтыя благаслаўленні выглядаюць парадоксам толькі для тых, хто ўяўляе Бога інакш, чым Яго адкрывае нам Хрыстус. Той, хто прывык думаць, што шчасце належыць багатым, можа паверыць, што Езус – ашуканец. Аднак ілюзія заключаецца менавіта ў адсутнасці даверу да Хрыста: Ён сам – бедны чалавек, які дзеліць з усімі сваё жыццё, лагодны чалавек, які церпіць боль, і міратворац, пераследаваны да смерці на крыжы, - сказаў Святы Айцец.

Менавіта так Езус асвятляе сэнс гісторыі – не той, што пішацца пераможцамі, а той, якую здзяйсняе Бог, збаўляючы прыгнечаных. Сын глядзіць на свет з рэалізмам любові Айца. Як казаў Папа Францішак, не варта ісці за “прафесіяналамі ілюзіі”, бо яны няздольныя даць нам надзею. Бог жа дае надзею найперш тым, каго свет лічыць безнадзейнымі, - сказаў Леў XIV.

Папа заклікаў вернікаў задумацца над тым, як яны разумеюць шчасце: як здабычу, якую можна купіць, ці як дар, якім трэба дзяліцца; як назапашванне прадметаў спажывання ці як адносіны, якія суправаджаюць нас. Дзеля Хрыста і дзякуючы Яму горыч выпрабаванняў ператвараецца ў радасць адкуплення, бо Ён кажа не пра далёкае суцяшэнне, а пра пастаянную ласку, якая заўсёды падтрымлівае нас, асабліва ў часы пакут.

Благаслаўленні ўзвышаюць пакорных і рассейваюць тых, хто пыхлівы сэрцам (пар. Лк 1:51-52), - нагадаў Святы Айцец, заклікаючы вернікаў даверыцца заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі – пакорнай слугі Пана, якую ўсе пакаленні называюць благаслаўлёнай.

01 лютага 2026, 12:23

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >