Успамін святой Агнешкі: Пантыфіку прадставілі ягнят
Марыя Валодзіна - Vatican News
Абрад прайшоў у капэле Урбана VIII у Апостальскім палацы. У адпаведнасці з шматвяковай традыцыяй Папу прадставілі двух ягнят, воўна якіх будзе выкарыстана для вырабу паліяў.
Палій – гэта элемент літургічнага адзення ў выглядзе вузкай стужкі з белай авечай воўны, упрыгожанай шасцю вышытымі крыжамі і кавалачкамі свінца, абшытымі чорным шоўкам.
Палій Святога Айца сімвалізуе паўнату яго ўлады, ён можа насіць яго падчас кожнай літургіі.Палій арцыбіскупаў сімвалізуе пастырскую адказнасць, еднасць з Папам і асаблівую блізкасць да Святога Пасада. Іерархі маюць права насіць яго толькі на вялікія святы. Абрад благаслаўлення паліяў і іх уручэнне новым мітрапалітам Святы Айцец здзяйсняе штогод ва ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла – 29 чэрвеня.
Традыцыя благаслаўлення ягнят звязана са святкаваннем успаміну святой Агнешкі – рымскай дзяўчыны, якая на мяжы ІІІ-IV стагоддзяў прыняла мучаніцкую смерць за Хрыста. У іканаграфіі яна прадстаўлена з ягнём на руках. Над яе магілай на вуліцы Наментана ў Рыме быў узведзены храм – базіліка святой Агнешкі. Сёлета абрад благаслаўлення ягнят у гэтай святыні ўзначаліў генеральны настаяцель Ордэна рэгулярных канонікаў латэранскіх, айцец Эдуарда Парызота.
