Успамін святой Агнешкі: Пантыфіку прадставілі ягнят

Раніцай 21 студзеня 2026 года, у літургічны ўспамін святой Агнешкі, у Ватыкане адбыўся абрад прадстаўлення ягнят Пантыфіку. З іх воўны будуць вытканы паліі, якія Леў XIV уручыць новым арцыбіскупам-мітрапалітам.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Абрад прайшоў у капэле Урбана VIII у Апостальскім палацы. У адпаведнасці з шматвяковай традыцыяй Папу прадставілі двух ягнят, воўна якіх будзе выкарыстана для вырабу паліяў.

Палій – гэта элемент літургічнага адзення ў выглядзе вузкай стужкі з белай авечай воўны, упрыгожанай шасцю вышытымі крыжамі і кавалачкамі свінца, абшытымі чорным шоўкам.

Палій Святога Айца сімвалізуе паўнату яго ўлады, ён можа насіць яго падчас кожнай літургіі.Палій арцыбіскупаў сімвалізуе пастырскую адказнасць, еднасць з Папам і асаблівую блізкасць да Святога Пасада. Іерархі маюць права насіць яго толькі на вялікія святы. Абрад благаслаўлення паліяў і іх уручэнне новым мітрапалітам Святы Айцец здзяйсняе штогод ва ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла – 29 чэрвеня.

Традыцыя благаслаўлення ягнят звязана са святкаваннем успаміну святой Агнешкі – рымскай дзяўчыны, якая на мяжы ІІІ-IV стагоддзяў прыняла мучаніцкую смерць за Хрыста. У іканаграфіі яна прадстаўлена з ягнём на руках. Над яе магілай на вуліцы Наментана ў Рыме быў узведзены храм – базіліка святой Агнешкі. Сёлета абрад благаслаўлення ягнят у гэтай святыні ўзначаліў генеральны настаяцель Ордэна рэгулярных канонікаў латэранскіх, айцец Эдуарда Парызота.

21 студзеня 2026, 12:07