Папа: таямніца Уцелаўлення заклікае нас служыць Богу і бліжняму
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“У гэту другую нядзелю пасля Нараджэння Пана хачу ў першую чаргу зноў скіраваць мае віншаванні ўсім вам. Паслязаўтра, з закрыццём Святой Брамы Базілікі Святога Пятра, завершыцца Юбілей надзеі, і менавіта Таямніца Божага Нараджэння, у якую мы занураны, нагадвае нам, што фундаментам нашай надзеі з’яўляецца ўцелаўленне Бога”, - сказаў на пачатку свайго разважання Святы Айцец.
Пантыфік падкрэсліў, што “хрысціянская надзея грунтуецца не на аптымістычных прагнозах ці чалавечых разліках, а на рашэнні Бога раздзяліць з намі наш шлях, каб мы ніколі не былі самотнымі ў пілігрымаванні па жыцці”. “У Езусе Бог стаў адным з нас, пажадаў заўсёды быць Богам-з-намі”, - дадаў Папа.
Святы Айцец заўважыў, што “прыйсце Езуса ў слабасці чалавечага цела” не толькі распальвае ў нас надзею, але таксама дае нам два абавязацельствы: першае – адносна Бога, а другое – адносна людзей.
“Адносна Бога – бо калі Ён уцелавіўся, калі выбраў нашу чалавечую ўразлівасць у якасці жылішча, тады мы пакліканы заўсёды пераглядаць нашы думкі пра Бога, зыходзячы з цела Езуса, а не з абстрактнага вучэння. Таму мы павінны заўсёды правяраць нашу духоўнасць і формы выразу веры, каб яны былі па-сапраўднаму ўцелаўлёнымі, гэта значыць здольнымі да мыслення, малітвы і абвяшчэння Бога, які выходзіць насустрач нам у Езусе: не далёкага Бога, які жыве ў дасканалым небе над намі, але блізкага Бога, які жыве на нашай кволай зямлі, становіцца прысутным у абліччы братоў, аб’яўляецца ў штодзённых сітуацыях”, - сказаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што “наша абавязацельства перад чалавекам таксама павінна быць паслядоўным”. “Калі Бог стаў адным з нас, кожнае стварэнне з’яўляецца Яго адлюстраваннем, носіць у сабе Яго вобраз, захоўвае іскру Яго святла; і гэта заклікае нас заўважаць у кожным чалавеку яго недатыкальную годнасць і практыкавацца ва ўзаемнай любові адзін да аднаго. Таму ўцелаўленне патрабуе ад нас таксама канкрэтных высілкаў на карысць братэрства і адзінства, каб салідарнасць станавілася крытэрыем чалавечых адносін, на карысць справядлівасці і міру, клопату пра самых уразлівых і абароны слабых. Бог уцелавіўся, таму не можа быць сапраўднага ўшанавання Бога без клопату пра чалавечае цела”, - дадаў Леў XIV.
“Браты і сёстры, няхай радасць Божага Нараджэння заахвоціць нас працягваць наш шлях, і давайце папросім Панну Марыю зрабіць нас заўсёды гатовымі служыць Богу і бліжняму”, - завяршыў нядзельнае разважанне Пантыфік.