Папа cустрэўся з нобелеўскім лаўрэатам Марыяй Карынай Мачада
Марыя Валодзіна - Vatican News
Марыя Карына Мачада – былы дэпутат Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру за 2025 год. Яе сустрэча з Пантыфікам адбылася на фоне нядаўніх падзей у Венесуэле. 3 студзеня 2026 года ў Каракасе ў ходзе амерыканскай ваеннай аперацыі “Абсалютная рашучасць” (Absolute Resolve) былі затрыманыя Нікалас Мадура і яго жонка Сілія Флорэс. Мадура, які абвінавачваецца ў наркатрафіку і наркатэрарызме, утрымліваецца ў следчым ізалятары ў Брукліне (ЗША). Паведамляецца, што падчас аперацыі загінулі каля 80 чалавек – вайскоўцы і цывільныя грамадзяне Венесуэлы і Кубы.
Марыя Карына Мачада ўзначальвае ліберальную партыю “Vente Venezuela”, якая паслядоўна выступала супраць дзейнасці ўрада Мадура. Пасля вымушанага ад’езду з краіны яна з снежня 2025 года знаходзілася ў Осла, дзе атрымала Нобелеўскую прэмію міру.
Чакаецца, што на гэтым тыдні Марыя Карына Мачада наведае Вашынгтон, дзе запланаваная яе сустрэча з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. У Венесуэле ў цяперашні час дзейнічае часовы ўрад на чале з Дэлсі Радрыгес, які пры падтрымцы міжнароднай супольнасці павінен садзейнічаць працэсу палітычнага пераходу. Таксама паведамлялася пра вызваленне шэрагу палітычных зняволеных.
Леў XIV неаднаразова выказваўся наконт сітуацыі ў Венесуэле. 4 студзеня, падчас малітвы “Анёл Панскі”, ён заявіў аб тым, што з глыбокай занепакоенасцю сочыць за развіццём падзей у краіне. “Дабро дарагога венесуэльскага народа павінна пераважаць над усялякімі іншымі меркаваннямі і заахвочваць да пераадолення гвалту і выбару шляхоў справядлівасці і міру, гарантуючы суверэнітэт краіны, забяспечваючы вяршэнства права, замацаванае ў Канстытуцыі, паважаючы правы чалавека і грамадзянскія правы кожнага і ўсіх, а таксама працуючы дзеля таго, каб разам будаваць спакойную будучыню супрацоўніцтва, стабільнасці і згоды, з асаблівай увагай да найбяднейшых, якія пакутуюць з прычыны складанай эканамічнай сітуацыі”, - падкрэсліў Папа.
9 студзеня, выступаючы перад дыпламатычным корпусам, акрэдытаваным пры Святым Пасадзе, Пантыфік заклікаў будаваць у Венесуэле грамадства, заснаванае на справядлівасці, праўдзе, свабодзе і братэрстве, паважаць волю венесуэльскага народа і абараняць грамадзянскія правы кожнага чалавека.
