Пантыфік: пачнем эпоху міру і сяброўства паміж народамі
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Дарагія браты і сёстры, з Новым годам! Па меры таго, як паўтараецца рытм месяцаў, Пан заклікае нас абнавіць наш час, распачаўшы нарэшце эпоху міру і сяброўства паміж усімі народамі. Без гэтага імкнення да дабра не было б сэнсу перагортваць старонкі календара і весці нашы дзённікі”, - сказаў Леў XIV падчас малітвы “Анёл Панскі”.
“Юбілей, які падыходзіць да завяршэння, навучыў нас, як гадаваць надзею на новы свет: звяртаючы сэрца да Бога, каб ператвараць крыўду ў прабачэнне, боль – у суцяшэнне, а цнатлівыя намеры – у добрыя справы. Менавіта ў такім стылі сам Бог жыве ў гісторыі і ратуе яе ад забыцця, даруючы свету Адкупіцеля – Езуса. Ён – адзінародны Сын, які становіцца нашым братам, асвятляе сумленне людзей добрай волі, каб мы маглі будаваць будучыню як гасцінны дом для кожнага мужчыны і кожнай жанчыны, якія прыходзяць у свет”, - адзначыў Пантыфік.
Свята Божага Нараджэння скіроўвае сёння наш позірк на Марыю, якая першай пачула біццё сэрца Хрыста. У цішыні Яе цнатлівага ўлоння нарадзілася Слова жыцця, - нагадаў Леў XIV.
“Бог, добры Творца, заўсёды ведае сэрца Марыі і нашае сэрца. Стаўшы чалавекам, Ён дазваляе нам спазнаць Сваё: таму Cэрца Езуса б’ецца для кожнага чалавека. Для тых, хто гатовы прыняць Яго, як пастухі, і для тых, хто адмаўляецца ад Яго, як Ірад. Яго сэрца не абыякавае да тых, хто не мае сэрца для бліжняга: яно б’ецца за праведнікаў, каб яны трывалі ў сваёй самаадданасці, і за несправядлівых, каб яны змянілі жыццё і знайшлі спакой”, - адзначыў Святы Айцец.
Збаўца прыходзіць у свет, нарадзіўшыся ад жанчыны: давайце спынімся, каб ушанаваць гэтую падзею, якая ззяе ў Найсвяцейшай Панне Марыі і адлюстроўваецца ў кожным ненароджаным дзіцяці, выяўляючы вобраз Бога, захаваны ў нашым целе, - нагадаў Пантыфік.
“У гэты Дзень памолімся ўсе разам аб міры: перш за ўсё аб міры сярод народаў, скрываўленых канфліктамі і пакутамі, а таксама аб міры ў нашых дамах, сем'ях, пацярпелых ад гвалту і болю. Упэўненыя, што Хрыстус, наша надзея, – гэта сонца справядлівасці, якое ніколі не згасае, мы з надзеяй просім заступніцтва Марыі, Маці Божай і Маці Касцёла”, - сказаў Папа ў Сусветны дзень міру.