Анёл Панскі: не марнаваць сілы на пагоню за бачным поспехам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сваім звароце да пілігрымаў, сабраных на Плошчы Святога Пятра 18 студзеня 2026 года, Святы Айцец пракаментаваў евангельскае сведчанне Яна Хрысціцеля.
Пантыфік заўважыў, што Прарок, будучы вельмі любімым і папулярным сярод народа, не паддаўся спакусе славы, а з радасцю саступіў месца Езусу, прызнаючы Яго “Ягняці Божым”. Паводле слоў Папы, гэты жэст пакоры з’яўляецца прыкладам таго, як чалавек павінен выконваць сваю місію, не прывязваючыся да ўласнага статусу.
Сапраўдная веліч хрысціяніна грунтуецца не на прызнанні людзей, а на ўсведамленні таго, што ён любімы Нябесным Айцом.
Пастка ўяўнай папулярнасці
Леў XIV звярнуў увагу на тое, што ў сучасным свеце празмернае значэнне надаецца бачнасці, згодзе і адабрэнню з боку іншых. Гэтая пагоня за поспехам часта абумоўлівае паводзіны людзей, выклікае пакуты і стварае эфемерныя, расчаравальныя стылі жыцця.
Пантыфік назваў такое жаданне славы “сурагатам шчасця”, які ілюзорна абяцае задавальненне, але на самой справе знявольвае чалавека.
Заклік да “стварэння пустыні” ў штодзённасці
Каб не прапусціць прысутнасць Бога ў жыцці, Святы Айцец заклікаў вернікаў да цвярозасці розуму і сэрца. Ён прапанаваў кожны дзень знаходзіць асаблівы момант, каб спыніцца ў цішыні, паразважаць і паслухаць Пана – “стварыць пустыню” сярод штодзённай мітусні.
Паводле Пантыфіка, любоў да простых рэчаў і шчырых слоў з’яўляецца найлепшым спосабам сустрэць Бога, які прыходзіць не з “спецэфектамі”, а каб раздзяліць цяжар нашага жыцця.
На заканчэнне Папа папрасіў заступніцтва Панны Марыі, якую назваў мадэллю прастаты і мудрасці, каб Яна дапамагла вернікам шанаваць тое, што сапраўды важна перад Богам.