Пошук

Civilian cars and military vehicle destroyed amid Russia's attack on Ukraine, are seen in front of of apartment buildings in the town of Bucha

Папа: малюся за тых, хто пакутуе ад абстрэлаў і холаду ва Украіне

Леў XIV выказаў блізкасць насельніцтву Украіны, якое пакутуе ад абстрэлаў энергетычнай інфраструктуры. Ён нагадаў пра Нядзелю Божага Слова, падтрымаў хворых на праказу і ўсіх, хто дапамагае ім.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа заўважыў, што Украіна працягвае падвяргацца пастаянным абстрэлам, з прычыны якіх цэлыя рэгіёны застаюцца без цяпла ў зімовыя марозы. “Я з болем сачу за тым, што адбываецца, я побач з тымі, хто пакутуе, і малюся за іх. Працяг ваенных дзеянняў, якія маюць усё больш сур’ёзныя наступствы для мірнага насельніцтва, паглыбляе падзел паміж народамі і аддаляе ад справядлівага і трывалага міру. Я заклікаю ўсіх актывізаваць свае намаганні, каб пакласці канец гэтай вайне”, - сказаў Леў XIV пасля малітвы “Анёл Панскі”, якую правёў 25 студзеня 2026 года ў Ватыкане.

Пантыфік заклікаў да малітвы за мір ва Украіне, на Блізкім Усходзе і ва ўсіх іншых рэгіёнах планеты, дзе “ідуць войны, выкліканыя інтарэсамі, што не з’яўляюцца інтарэсамі народаў”. “Мір будуецца ў павазе да народаў!”, - сцвердзіў ён.

Нядзеля Божага Слова

Папа нагадаў пра Нядзелю Божага Слова, якая праходзіць у Касцёле ў Трэцюю нядзелю Звычайнага перыяду. Леў XIV падкрэсліў, што Францішак устанавіў яе сем гадоў таму, каб “спрыяць ва ўсім Касцёле веданню Святога Пісання і ўвазе да Божага Слова ў літургіі і жыцці супольнасцей”. “Я дзякую і падтрымліваю ўсіх, хто з верай і любоўю прыкладае намаганні для дасягнення гэтай прыярытэтнай мэты”, - cказаў Пантыфік.

Сусветны дзень барацьбы з праказай

Святы Айцец спаслаўся таксама на Сусветны дзень барацьбы з праказай, выказваючы блізкасць усім, хто пакутуе ад гэтай хваробы, а таксама падтрымку тым, хто клапоціцца пра іх і абараняе іх годнасць.
 

25 студзеня 2026, 13:15