Пошук

Леў XIV: еднасць хрысціян важная для абвяшчэння Евангелля

Місія апостала Паўла – гэта місія ўсіх хрысціян сёння: абвяшчаць Хрыста і запрашаць усіх давяраць Яму, - нагадаў Пантыфік на заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Увечары 25 студзеня 2026 года Леў XIV прыняў удзел у малітве нешпараў у Базіліцы Святога Паўла па-за мурамі ў Рыме, якія сталі кульмінацыяй 59-га Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. Ён праходзіў з 17 студзеня пад дэвізам: “Адно цела, адзін дух, адна надзея, да якой паклікаў нас Бог” (пар. Эф 4, 4).

У набажэнстве з Папам па традыцыі бралі ўдзел лідары і прадстаўнікі розных Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцей. Сярод іх – Мітрапаліт Палікарпас у якасці прадстаўніка Экуменічнага Патрыярхата, архіепіскап Каяг Барсамян ад Армянскай Апостальскай Царквы і епіскап Энтані Бол ад Англіканскай Супольнасці.

Падзелы робяць сведчанне хрысціян менш празрыстым для свету

У гаміліі Пантыфік нагадаў, што дзякуючы сустрэчы з уваскрослым Хрыстом апостал Павел ператварыўся з ганіцеля Езуса ў сведку і руплівага прапаведніка Яго любові.

Папа заўважыў, што місія апостала застаецца місіяй усіх хрысціян і сёння: “абвяшчаць Хрыста і запрашаць усіх давяраць Яму”. У гэтым кантэксце Леў XIV падкрэсліў, што падзелы паміж хрысціянамі, хоць і не могуць пагасіць святло Хрыста, робяць іх сведчанне менш празрыстым для свету.

Абвяшчаць веру ў адзін голас

Згадваючы пра мінулагодняе супольнае святкаванне 1700-годдзя Нікейскага Сабора ў турэцкім Ізніку, Пантыфік заўважыў, што супольная малітва ў месцы, дзе быў складзены Сімвал веры, стала каштоўным сведчаннем еднасці хрысціян.

“Гэты момант братэрства дазволіў нам таксама праславіць Пана за тое, што Ён здзейсніў праз Нікейскіх Айцоў, калі дапамог ім выразіць з яснасцю праўду пра Бога, які стаў блізкім да нас, сустрэўшы нас у Езусе Хрысце. Няхай таксама і сёння Святы Дух знойдзе ў нас паслухмяны розум, каб абвяшчалі веру людзям нашага часу ў адзін голас”, - пажадаў Пантыфік.

Прызнаць адзінства і сведчыць пра яго

Папа заўважыў, што ва ўрыўку з Паслання да Эфесцаў, выбраным у якасці тэмы для сёлетняга Тыдня малітваў, шматразова паўтараецца слова “адзін”: адно цела, адзін Дух, адна надзея, адзін Пан, адна вера, адзін хрост, адзін Бог. Ён падкрэсліў, што гэта адзінства ўжо з’яўляецца рэальнасцю, і яго трэба распазнаць, жыць і ім сведчыць перад светам.

“Хрысціяне павінны мець глыбокую ўнутраную перакананасць у тым, што еднасць важная не для стратэгічнай перавагі ці палітычнай выгады, але для абвяшчэння Евангелля”, - заўважыў Леў XIV, цытуючы словы святога Яна Паўла ІІ.
 

25 студзеня 2026, 18:17