Духоўны компас на 2027 год: абвешчаны малітоўныя інтэнцыі Папы
Марыя Валодзіна - Vatican News
Малітоўныя інтэнцыі, абраныя Святым Айцом на 2027 год, уяўляюць сабой духоўны і пастырскі маршрут, здольны адначасова закрануць самую сутнасць хрысціянскага жыцця і канкрэтныя выклікі сучаснага свету. У іх гучыць простае перакананне: калі Касцёл моліцца з верай, ён вучыцца глядзець вачыма Хрыста і служыць з больш яснай, цярплівай і смелай любоўю, - патлумачыў айцец Фонэс.
У часы, пазначаныя спешкай, палярызацыяй і пачуццём бяссілля перад тварам глабальных праблем, гэтыя інтэнцыі не прапануюць закрыцца ў сабе. Наадварот, яны вучаць малітве, якая адкрывае вочы, пашырае сэрца і вяртае годнасць штодзённаму жыццю. Нібы компас, месяц за месяцам яны засяроджваюцца на такіх узаемазвязаных тэмах, як унутранае жыццё, клопат, чалавечая годнасць, прыгажосць, праца, тэхналогіі, удзячная памяць, будучыня моладзі, агульны дом, місія супольнасцяў, прыняцце мігрантаў і пакліканне сям’і.
Адкрыццё моцы малітвы
Студзень закладвае падмурак года інтэнцыяй пра адкрыццё моцы малітвы. Гаворка ідзе не пра тэхніку і не пра сродак для таго, каб “адчуваць сябе лепш", а пра асабістую сустрэчу з Панам, якая перамяняе сэрца, тым самым пераўтвараючы свет. “Калі малітва сапраўдная, яна не замыкае нас, а навяртае. Яна вучыць нас распазнаваць, выбіраць магчымае дабро, захоўваць надзею там, дзе няма хуткіх рашэнняў. Касцёл, які моліцца такім чынам, не становіцца меншы: ён становіцца больш адкрыты, міласэрны і свабодны”, - напісаў каардынатар малітоўнай сеткі.
Клопат пра тых, хто клапоціцца
У лютым увага скіравана на людзей, якія самааддана падтрымліваюць жыццё іншых – тых, хто клапоціцца пра цэласнае здароўе чалавека. Малітва за “клопат пра тых, хто клапоціцца”, – гэта прызнанне пакліканняў, прафесійных, сямейных і грамадскія, якія кожны дзень служаць жыццю. Яна нагадвае, што клопат – гэта не проста паслуга, а канкрэтная форма любові і школа чалавечнасці, - адзначыў айцец Крыстабаль.
Годнасць чалавечага жыцця
Сакавік звяртае ўвагу на павагу да годнасці чалавечага жыцця. У свеце, дзе каштоўнасць асобы часта вымяраецца прадуктыўнасцю, малітва вучыць нас бачыць унікальную і непаўторную годнасць у кожным чалавеку: ад ненароджанага дзіцяці да хворага, пажылога, маргіналізаванага. Маліцца ў гэтай інтэнцыі – значыць прасіць ласкі глядзець на кожнага як на чалавека, які заслугоўвае, каб яго любілі, суправаджалі і абаранялі, а не ацэньвалі паводле вынікаў, - патлумачыў святар.
Прыгажосць, якая ачалавечвае
Красавік прысвечаны тэме мастацтва як дару, які ачалавечвае. У насычаным інфармацыяй, але бедным на сузіранне свеце, мастацтва здольнае абудзіць здзіўленне і ўзняць дух. Гэтая інтэнцыя – не ўцёкі ад рэальнасці, а форма ісціны праўды, якая дапамагае распазнаць у бачным вялікую таямніцу. Прыняцце мастацтва ў якасці дара таксама дазваляе культуры быць месцам сустрэчы, дыялогу і агульнай надзеі, - зазначыў аўтар.
Годная праца і саюз пакаленняў
Май прысвечаны інтэнцыі “працоўных магчымасцяў для ўсіх”. Тэхналагічны прагрэс сам па сабе не гарантуе справядлівасці, таму малітва становіцца крытэрыем і абавязацельствам: каб інавацыі служылі годнай працы, а салідарнасць паміж пакаленнямі ўмацоўвала будучыню, у якім кожны чалавек мог бы прапанаваць свае таленты для агульнага дабра, - напісаў ксёндз Фонэс.
Штучны інтэлект на службе чалавека
У чэрвені Касцёл будзе маліцца за мудрае выкарыстанне штучнага інтэлекту. Гэта просьба аб распазнаванні і адказнасці, каб тэхналогіі служылі чалавечай годнасці, абаранялі найбольш уразлівых і спрыялі справядлівасці, праўдзе і свабодзе.
Мудрасць бабуль і дзядуль
Ліпень вяртае ўвагу да бабуль, дзядуль і пажылых людзей – носьбітаў памяці, скарбніцу веры і мудрасці. Маліцца за пажылых – значыць шанаваць жывую памяць, цярпенне, перспектыву, спакой, набытыя з цягам часу. Такая малітва заклікае супольнасці будавацца не толькі на эфектыўнасці, але і на бескарыслівасці і сяброўстве, - патлумачыў аўтар.
Моладзь і пакліканне
Жнівень прысвечаны пакліканню моладзі. У свеце, дзе існуе мноства варыянтаў выбару, але часам мала сэнсу, малітва дапамагае маладым людзям адкрыць Хрыста як спадарожніка і распазнаць пакліканне, якое дапаўняе жыццё і робіць свабоду плённай.
Інтэгральнае экалагічнае навяртанне
Верасень прысвечаны інтэгральнаму экалагічнаму навяртанню, якое тычыцца стылю жыцця, спажывання і адносін. Малітва ў гэтай інтэнцыі спалучае ў сабе справядлівасць і сузіранне, адказнасць і ўдзячнасць за створаны свет як дар. Калі стварэнне перастае быць аб'ектам выкарыстання і зноў становіцца дарам, гэта змяняе нашу этыку і духоўнасць, - сцвердзіў каардынатар малітоўнай сеткі.
Місійныя хрысціянскія супольнасці
Кастрычнік нагадвае пра місійную сутнасць парафій і супольнасцяў. Місія – гэта не адзін від дзейнасці сярод іншых, а спосаб існавання жывой супольнасці, якая сведчыць не прапагандай, а паслядоўнасцю перамененага жыцця.
Мігранты і перамешчаныя асобы
У лістападзе ўвага надаецца інтэграцыі мігрантаў. Вобраз Святой Сям’і ў выгнанні дазваляе зразумець, што ніхто не пакідае дом па капрызе, без важкай прычыны. Малітва заклікае супольнасці да годнага прыняцця, салідарнасці і сапраўднай інтэграцыі мігрантаў, не толькі аказання дапамогі, але і прызнання іх правоў, жыццёвых гісторый і ўнёску.
Сям’я – ачаг веры, надзеі і любові
Напрыканцы года, у снежні, прапануецца інтэнцыя за хрысціянскае пакліканне сям’і. У кантэксце крохкасці, стомленасці і ціску гэтая інтэнцыя не ідэалізуе, а падтрымлівае сям'ю, запрашаючы суправаджаць, вылечваць і пачынаць нанова. Сям'я, з яе прыгажосцю і паўсядзённай барацьбой, можа быць невялікай "лабараторыяй" братэрства, дзе вучацца па-сапраўднаму любіць, - напісаў айцец Фонэс.
Святар адзначае, што інтэнцыі закліканы стаць не спісам, а супольным шляхам. Папская сусветная сетка малітвы запрашае маліцца разам з Папам кожны месяц, карыстаючыся відэа- і аўдыярэсурсамі на сайце www.popesprayer.va.
Няхай 2027 год стане для ўсіх часам малітвы, якая перамяняе, надзеі, якая ўвасабляецца ў канкрэтных учынках, і Касцёла, які ў самым сэрцы свету вучыцца любіць глыбей, - пажадаў айцец Фонэс.
