Папа: выхоўваць новае пакаленне заступнікаў за патрэбы свету
Марыя Валодзіна - Vatican News
30 студзеня 2026 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане кіраўніцтва і ўдзельнікаў Папскай сусветнай сеткі малітвы, падкрэсліўшы важнасць іх служэння для Касцёла і ўсяго чалавецтва.
Малітва як частка місіі Касцёла
Папа нагадаў, што малітоўныя інтэнцыі, якія штомесяц прапануюцца вернікам, тычацца праблем, якія стаяць перад грамадствам, а таксама жыцця і місіі Касцёла. Ён выказаў удзячнасць за намаганні па распаўсюджванню гэтых малітоўных інтэнцый сярод мільёнаў людзей па ўсім свеце, якія штодня ўзносяць гэтыя патрэбы да Бога. Такая малітва з’яўляецца неад’емнай часткай евангельскай місіі Касцёла.
Духоўнасць Сэрца Езуса
Духоўнасць малітоўнага апостальства караніцца ў Сэрцы Езуса. Гэта дазваляе лепш спазнаць Пана і быць больш спагадлівымі і чулымі да тых, хто мае патрэбу, - адзначыў Леў XIV, дадаючы, што фармацыйны праект "Шлях Сэрца" дапамагае ўвасабляць гэтую духоўнасць і жыць верай у паўсядзённым жыцці. “Спадзяюся, што сваім апостальствам вы працягнеце дапамагаць ахрышчаным зразумець, што яны – сябры і апосталы Хрыста”, - сказаў Святы Айцец.
Моладзь і будучыня сеткі
Пантыфік заклікаў гасцей спрыяць шырэйшаму ўдзелу людзей, асабліва моладзі, у гэтай малітоўнай сетцы, якая аб'ядноўвае розныя культуры, мовы і харызмы ў агульнай місіі. Ён адзначыў важную ролю Эўхарыстычнага моладзевага руху ў фармаванні новага пакалення заступнікаў у малітве за патрэбы свету.
