Пошук

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота 

Леў XIV: сацыяльнае вучэнне Касцёла паказвае шлях да міру

Каталіцкія каштоўнасці важныя для будаўніцтва больш мірнай і справядлівай Еўропы, - падкрэсліў Леў XIV, звяртаючы ўвагу на значэнне сацыяльнага вучэння Касцёла для мірнага суіснавання.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец скіраваў пасланне за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна да ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі аб ролі каталіцкага сацыяльнага вучэння і ўсеагульных каштоўнасцей у будаўніцтве мірнай будучыні еўрапейскага кантынента.

Форум праходзіць 23 студзеня 2026 года ў Люксембургу па ініцыятыве ватыканскага фонда “Centesimus Annus Pro-Pontefice”, Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE) і Люксембургскай школы рэлігіі і грамадства. Папскі зварот на пачатку мерапрыемства зачытаў арцыбіскуп Бернадзіта Ауса, Апостальскі нунцый пры Еўрапейскім Саюзе.

“Няхай гэтая канферэнцыя спрыяе прасоўванню ролі каталіцкіх каштоўнасцей у будаўніцтве больш мірнага і справядлівага еўрапейскага кантынента”, - пажадаў Пантыфік. Ён выказаў удзячнасць за абраную тэму, падкрэсліўшы, што яна мае “асаблівую важнасць ва ўмовах сённяшняга паўсюднага нежадання абмяркоўваць усеагульныя каштоўнасці, якія рэлігія ці любая іншая сістэма веры могуць служыць агульнаму дабру чалавецтва”.

“Хоць гэтая няздольнасць мае розныя прычыны, асноўная праблема – распаўсюджванне рэлятывізму і звядзенне праўды да ўзроўню меркавання”, - сцвердзіў Леў XIV, дадаючы, што “ніякая супольнасць ці кантынент не могуць жыць у міры і квітнець без агульнапрынятых ісцін, якія фарміруюць іх нормы і каштоўнасці”.

Пантыфік падкрэсліў “неадкладную неабходнасць” зноў прыняць “праўду пра тое, што чалавечая асоба створана на вобраз і падабенства Бога”. У гэтым кантэксце ён нагадаў словы Яна Паўла II, які ў энцыкліцы “Centesimus Annus “пісаў, што “сапраўдны прагрэс немагчымы без павагі да натуральнага і першапачатковага права ведаць праўду і жыць паводле яе”.

У гэтым кантэксце Леў XIV звярнуў увагу на каштоўнасць сацыяльнага вучэння Касцёла, якое “пераўзыходзіць межы і стварае платформу для агульных інтарэсаў і ладу жыцця, тым самым робячы магчымым мірнае суіснаванне”.
 

23 студзеня 2026, 12:26