Пошук

Леў XIV на кансісторыі: прыцягвае не Касцёл, а Хрыстус

Каб сведчыць пра прыцягальную сілу любові Хрыста, мы павінны ў першую чаргу жыць Яго запаведдзю: “Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго”, - нагадаў Леў XIV, адкрываючы першы надзвычайны кансісторый свайго пантыфікату.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Гэтыя паўтары дні, якія мы правядзём разам, стануць прадвесцем нашага будучага шляху”, - сказаў Пантыфік кардыналам, якія сабраліся 7 студзеня 2026 года ў ватыканскай Сінадальнай зале. Ён падкрэсліў: “З таго, як мы навучымся працаваць разам, можа пачацца нешта новае, што злучыць сучаснасць і будучыню”.

Хрыстус – святло народаў

На пачатку звароту Папа працытаваў словы Другога Ватыканскага Сабора: “Хрыстус – святло народаў. Таму Святы Сабор, сабраны ў Духу Святым, моцна жадае, абвяшчаючы Евангелле ўсякаму стварэнню (пар. Мк 16, 15), асвятліць усіх людзей святлом Хрыста, якое ззяе на абліччы Касцёла. У сваю чаргу Касцёл, паколькі з’яўляецца ў Хрысце як бы сакрамэнтам, або знакам і прыладай унутранага яднання з Богам і еднасці ўсяго чалавецтва, жадае, верна працягваючы вучэнне папярэдніх Сабораў, дакладней растлумачыць вернікам і ўсяму свету сваю сутнасць і паўсюдную місію. Умовы нашага часу робяць гэты абавязак Касцёла асабліва актуальным: каб усе без выключэння людзі, цесна аб’яднаныя сёння грамадскімі, тэхнічнымі і культурнымі сувязямі, дасягнулі таксама поўнай еднасці ў Хрысце” (Lumen gentium, 1).

Прыцягальная сіла Божай любові

Святы Айцец нагадаў таксама словы Бэнэдыкта XVI пра прыцягальную сілу “Божай любові, якая ўвасобілася ў Езусе Хрысце і ў Святым Духу дадзена Касцёлу”. “Насамрэч, прыцягвае не Касцёл, а Хрыстус, і калі хрысціянін ці касцельная супольнасць прыцягваюць да сябе, то толькі таму, што праз гэты “канал” прыходзіць жыццядайная лімфа Любові, што выцякае з Сэрца Збаўцы”, - дадаў ён.

“У той меры, у якой любім адзін аднаго, як Хрыстус палюбіў, мы з’яўляемся Ягонымі, з’яўляемся Яго супольнасцю і Ён можа працягваць прыцягваць праз нас. Насамрэч, толькі любоў пераканаўчая, толькі любоў годная веры”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што “адзінства – прыцягвае, а падзелы – рассейваюць”. “Такім чынам, каб быць Касцёлам па-сапраўднаму місіянерскім, гэта значыць здольным сведчыць пра прыцягальную сілу любові Хрыста, мы павінны ў першую чаргу жыць Яго запаведдзю, адзінай, якую Ён нам даў, пасля таго, як абмыў ногі вучням: “Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго”. І дадаў: “Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго” (Ян 13,34-35)”, - сцвердзіў Папа.

Разам служыць Касцёлу

Леў XIV заўважыў, што Калегія кардыналаў – вельмі разнастайная група, у якую ўваходзяць людзі рознага паходжання, культур, касцельных і грамадскіх традыцый, фармацыйных і акадэмічных шляхоў, душпастрыскага досведу і асабістых характарыстык.

“Мы пакліканы ў першую чаргу пазнаваць адзін аднаго і весці дыялог, каб мець магчымасць разам служыць Касцёлу. Я спадзяюся, што мы зможам узрастаць у адзінстве, каб даваць прыклад калегіяльнасці”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліўшы, што кожная сустрэча такога роду – “гэта магчымасць, каб паглыбіць наша супольнае разуменне каштоўнасці сінадальнасці”.

Чатыры ключавыя тэмы

Леў XIV прадставіў кардыналам чатыры ключавыя тэмы для рэфлексіі. Першая – “Evangelii gaudium” – праграмная Апостальская адгартацыя пантыфікату Францішка, прысвечаная місійнаму вымярэнню Касцёла. Другая – Апостальская канстытуцыя “Praedicate Evangelium”, роля Рымскай курыі і яе ўзаемадзеянне з мясцовымі Касцёламі. А таксама “Сінод і сінадальнасць, інструмент і стыль супрацы” і “Літургія, крыніца і вяршыня хрысціянскага жыцця”.

З прычыны недастатковай колькасці часу для глыбокага разважання над усімі гэтымі тэмамі, Папа прапанаваў іерархам выбраць з іх толькі дзве. Кардыналы аддалі перавагу тэме місіі Касцёла ў сучасным свеце і сінадальнасці.

 

08 студзеня 2026, 09:26