Пошук

Папа з кардыналамі ў Сінадальнай зале падчас сустрэчы 10 мая 2025 года, праз два дні пасля абрання Папа з кардыналамі ў Сінадальнай зале падчас сустрэчы 10 мая 2025 года, праз два дні пасля абрання  (@Vatican Media)

У Ватыкане пачынаецца надзвычайны кансісторый

Папа і кардыналы абмяркуюць важныя касцёльныя пытанні на надзвычайным кансісторыі, які пройдзе ў Ватыкане. У рамках двухдзённай сустрэчы запланаваны тры сесіі: першая – у другой палове дня 7 студзеня 2026 года, другая і трэцяя – на наступны дзень. Акрамя таго, раніцай 8 студзеня Папа ўзначаліць Святую Імшу ў Базіліцы Святога Пятра.

Vatican News

Сярод тэм, на якіх засяродзяць увагу ўдзельнікі надзвычайнага кансісторыя, – апостальская адгартацыя “Evangelii gaudium” і місійнае вымярэнне Касцёла, апостальская канстытуцыя “Praedicate Evangelium”, роля Рымскай курыі і яе ўзаемадзеянне з мясцовымі Касцёламі, сінадальнасць і літургія. Два дні малітвы, дыскусій і разважанняў пад знакам братэрства і камуніі, якія Леў XIV правядзе разам з членамі Калегіі кардыналаў, многія з якіх прысутнічалі на абрадзе закрыцця Святой Брамы і Эўхарыстыі з нагоды ўрачыстасці Аб'яўлення Пана. Мэта сустрэчы – садзейнічанне агульнаму распазнанню і аказанне падтрымкі Святому Айцу ў ажыццяўленні яго місіі па кіраванні Паўсюдным Касцёлам.

Сесіі пройдуць у Сінадальнай зале за зачыненымі дзвярыма. Першая з іх распачнецца 7 студзеня ў 16:00. У чацвер, 8 студзеня, Святы Айцец разам з кардыналамі прыме ўдзел у Святой Імшы на галоўным алтары ватыканскай базілікі, пасля чаго адбудуцца два пасяджэнні – ранішняе, якое распачнецца ў 9:30 і працягнецца да 12:45, і пасляабедзеннае з 15:15 да 19:00.

На сёння ў Калегіі кардыналаў налічваецца 245 членаў: 122 выбаршчыкі і 123 кардынала без права голасу. Упершыню ў гісторыі Касцёла колькасць апошніх перавысіла колькасць выбаршчыкаў. Гэта адбылося 5 студзеня 2026 года, калі кардыналу Марыё Дзэнары, апостальскаму нунцыю ў Сірыі, споўнілася 80 гадоў.

07 студзеня 2026, 13:33