Святы Айцец: Касцёл супраць любых формаў антысемітызму
Vatican News
Гэтую пазіцыю ён выказаў у сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы X (@Pontifex), дзе заклікаў “змагацца супраць усіх формаў антысемітызму”. Пантыфік напісаў, што ў Дзень памяці Касцёл застаецца верным пазіцыі, агучанай у Дэкларацыі “Nostra Aetate”, якая рашуча асуджае любыя формы антысемітызму, дыскрымінацыі і пераследу па прычыне паходжання, мовы, нацыянальнасці або рэлігіі.
Пій XII пра знішчэнне людзей "па прычынах паходжання"
Голас Льва XIV далучаецца да галасоў яго папярэднікаў, пачынаючы з Пія XII, які яшчэ 24 снежня 1942 года ў радыёзвароце асудзіў знішчэнне сотняў тысяч чалавек, “асуджаных на смерць толькі па прычыне нацыянальнасці або паходжання”. Ён заклікаў народы не заставацца абыякавымі, а аб’яднацца, каб абараніць чалавечую годнасць і не дапусціць паўтарэння зла.
Бэнэдыкт XVI пра зварот Пія XII
Гэты калядны радыёзварот згадаў у 2008 годзе Бэнэдыкт XVI. Падчас Святой Імшы з нагоды 50-й гадавіны смерці Пія XII ён нагадаў, што яго папярэднік з вялікім хваляваннем гаварыў пра сотні тысяч нявінных людзей, асуджаных на смерць або павольнае знішчэнне толькі з-за сваёй нацыянальнасці ці паходжання, маючы на ўвазе дэпартацыю і масавае знішчэнне яўрэяў. Пій XII быў вымушаны дзейнічаць маўкліва і сакрэтна, бо разумеў, што ў тых складаных гістарычных умовах толькі так можна было ўратаваць як мага больш жыццяў. Шматлікія прадстаўнікі яўрэйскага народа выказвалі яму падзяку пасля вайны і нават пасля яго смерці. Міністр замежных спраў Ізраіля Голда Меір адзначала, што ў дзесяцігоддзе нацысцкага тэрору голас Пантыфіка ўзнімаўся ў абарону ахвяр.
Балючыя ўспаміны Яна Паўла II
Ян Павел II успамінаў падчас агульнай аўдыенцыі 26 чэрвеня 1996 года сваё трэцяе апостальскае падарожжа ў Германію. Ён адзначыў, што ў людзей яго пакалення назва “Берлін” выклікае жудасныя і балючыя ўспаміны. Берлін, як сталіца Трэцяга Рэйха, стаў цэнтрам палітычных і ваенных дзеянняў, якія моцна паўплывалі на лёс Еўропы, асабліва суседніх краін. Менавіта там у 1939 годзе была прынята страшнае рашэнне пачаць Другую сусветную вайну. Там распрацоўваліся бесчалавечныя планы канцлагераў і так званага “канчатковага рашэння”, прынятага на Ванзейскай канферэнцыі, якое прывяло да Халакосту – знішчэння яўрэяў у Германіі і іншых краінах Еўропы. На жаль, Берлін звязаны з вялікім чалавечым болем і пакутамі, і раны таго часу яшчэ цалкам не загаіліся, - казаў Папа Ян Павел II.
Павел VI пра гераічны ўчынак айца Кольбэ
17 кастрычніка 1971 года падчас малітвы “Анёл Панскі” Папа Павел VI нагадаў пра гераічны ўчынак айца Максімільяна Кольбэ ў Аўшвіцы: святар ахвяраваў сябе, каб выратаваць іншага чалавека, бацьку сям’і, які быў асуджаны нацыстамі на жудасную галодную смерць.
Леў XIV пра вокліч болю да Бога
Падчас Святой Імшы 5 кастрычніка 2025 года Леў XIV казаў аб тым, што ў цёмныя моманты гісторыі людзі ўзносяць да Бога крык болю: Чаму, Пане, Ты не ўмешваешся? Чаму здаешся адсутным? Гэты крык болю – форма малітвы, якую мы сустракаем і ў Святым Пісанні, напрыклад у прарока Абакума.
Бэнэдыкт XVI, разважаючы пра свой візіт у Аўшвіц, адзначаў, што маўчанне Бога раздзірае душу, бо чалавек моліцца, а адказу не знаходзіць. Бог здаецца далёкім, адсутным. Аднак Пан дае надзею. Калі прарок Абакум скардзіцца на перавагу зла, Пан аб'яўляе яму, што зло не будзе трываць вечна, таму што прыйдзе збаўленне (пар. Абк 2:4), - нагадаў Леў XIV.
Францішак пра ўрок Халакосту
Падчас візіту ў рымскую сінагогу 17 студзеня 2016 года Папа Францішак заклікаў не забываць урокі Халакосту. Яўрэйскі народ перажыў гвалт і пераслед, якія дасягнулі жудаснай кульмінацыі падчас Халакосту: шэсць мільёнаў загінулі толькі таму, што былі яўрэямі. Яны сталі ахвярамі бесчалавечнага варварства, здзейсненага ў імя ідэалогіі, якая хацела паставіць чалавека на месца Бога, - сказаў тады Францішак.
Мінулае павінна служыць урокам для сучаснасці і будучыні. Дзень памяці — гэта зварот да сумлення кожнага чалавека, каб не дапусціць паўтарэння жахаў, якія нараджаюцца з нянавісці, крайняга нацыяналізму, недаверу і мовы варожасці. Словы Папаў пра Халакост нагадваюць: зло нельга забываць, каб антысемітызм і нянавісць больш ніколі не пусцілі карані.
