Нямецкі гісторык пра драму Пія ХІІ падчас вайны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Маштабнае даследаванне дакументаў Ватыканскіх архіваў, якое праводзіць Хуберт Вольф, раскрывае драматычную ўнутраную барацьбу Папы Пія XII падчас Другой сусветнай вайны. Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва (KNA), 20 студзеня 2025 года навуковец падзяліўся сваімі адкрыццямі ў эфіры радыёстанцыі Deutschlandfunk.
У архіўных дакументах знойдзены эмацыйны ліст Пія XII да Вюрцбургскага біскупа Мацвея Эрэнфрыда, які паказвае глыбіню ўнутранага канфлікту Пантыфіка. "Гэтыя радкі выразна сведчаць пра тое, што Папа разумеў неабходнасць выказацца супраць злачынстваў, але яго разуменне папскай місіі, заснаванае на прынцыпах нейтральнасці і непрадузятасці, не дазваляла яму гэтага зрабіць", - тлумачыць прафесар Вольф.
Даследчык падкрэслівае, што архіўныя матэрыялы дэталёва адлюстроўваюць працэс прыняцця рашэнняў у Ватыкане. "Пазіцыя абсалютнай нейтральнасці, прынятая Піем XII, стварыла прэцэдэнт, які пазней звязаў яму рукі. Калі ў 1940 годзе ён захаваў маўчанне пра забойства мільёна каталіцкіх палякаў, то ў 1942 годзе ўжо не мог публічна выступіць супраць знішчэння шасці мільёнаў яўрэяў", - адзначае Вольф.
У межах маштабнага праекта Asking the pope навукоўцы плануюць на працягу 25 гадоў даследаваць і апублікаваць каля 10 тысяч зваротаў яўрэяў да Папы. На сённяшні дзень расшыфравана 800-900 лістоў і дэталёва вывучана каля 10 працэнтаў выпадкаў. З дапамогай штучнага інтэлекту даследчыкі імкнуцца вызначыць, колькі зваротаў асабіста бачыў Пантыфік, у якім працэнце выпадкаў была аказана дапамога, ці існавала розніца ў стаўленні да хрышчаных і няхрышчаных яўрэяў.
Папярэднія вынікі даследавання паказваюць, што Святы Пасад часцей аказваў дапамогу, чым адмаўляў у ёй. "Паказальна, што звароты ад яўрэйскіх суполак з усёй Еўропы не спыніліся ў 1941 годзе, а працягваліся да 1945 года. Гэта сведчыць пра тое, што ў яўрэйскай супольнасці была ўпэўненасць: калі ўсе іншыя дзверы зачыненыя, варта звярнуцца да Папы – ён можа дапамагчы", - падсумоўвае прафесар Вольф.
Даследаванне працягваецца, і навукоўцы спадзяюцца, што яно дапаможа больш поўна зразумець ролю Святога Пасада і асабіста Пія XII у падзеях Халакосту. Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва, вынікі працы будуць паступова публікавацца ў навуковых выданнях.