Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: Алімпіяда – нагода для хрысціянскага сведчання

Папа пажадаў, каб зімовыя Алімпійскія гульні, якія пройдуць у італьянскіх гарадах Мілан і Карціна-д’Ампэца, сталі для мясцовых каталіцкіх супольнасцей нагодай для хрысціянскага сведчання.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец скіраваў пасланне на імя біскупа Кома, кардынала Оскара Кантоні, вітаючы жыхароў гэтага рэгіёна, якія прымаюць удзел у падрыхтоўцы да правядзення Алімпійскіх гульняў.

Папа выказаў надзею, што гэта спартыўная падзея “стане цудоўнай нагодай для ўмацавання сапраўдных каштоўнасцяў спорту: сумленнасці, павагі, каманднага духу і самаахвярнасці, а таксама сацыяльнай інклюзіі і радасці сустрэчы”.

Пантыфік заахвоціў мясцовыя парафіяльныя супольнасці “з адкрытасцю перажыць гэту важную падзею, даючы велікадушнае хрысціянскае сведчанне, каб станавіцца светлым знакам прысутнасці Хрыста, які кліча ўсіх да братэрства”.

Папскае пасланне было скіравана за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна. Яго зачыталі падчас святой Імшы з удзелам мясцовых маладых спартсменаў, валанцёраў і прадстаўнікоў арганізацый, якія дапамагаюць у падрыхтоўцы да Алімпійскіх гульняў. Літургія праходзіла ўвечары 30 студзеня 2026 года ў касцёле святых Гервазія і Пратазія ў паўночнаітальянскім мястэчку Борміа.
 

31 студзеня 2026, 10:15