"Анёл Панскі": не дайце "ірадам" задушыць любоў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У нядзелю, 28 снежня 2025 года, калі Касцёл адзначае свята Святой Сям'і, Пантыфік звярнуўся да вернікаў з традыцыйным разважаннем. Ён засяродзіўся на евангельскім эпізодзе ўцёкаў у Егіпет, падкрэсліўшы драматычны кантраст паміж светлым цудам Нараджэння Хрыста і цёмным ценем смяротнай пагрозы. Гэта выпрабаванне для Езуса, Марыі і Юзафа стала адлюстраваннем вечнай барацьбы святла і цемры ў гісторыі чалавецтва.
Слепата ўлады перад абліччам цуду
Святы Айцец звярнуў увагу на постаць Ірада – чалавека жорсткага і крыважэрнага, які, аднак, быў глыбока адзінокім і апантаным страхам страціць сваю ўладу. Даведаўшыся ад мудрацоў пра нараджэнне "караля Юдэйскага", ён, адчуваючы пагрозу свайму панаванню, загадаў забіць усіх дзяцей, равеснікаў Езуса.
Леў XIV заўважыў трагічную іронію: у яго каралеўстве Бог здзяйсняў найвялікшы цуд у гісторыі, выконваючы старажытныя абяцанні збаўлення, але Ірад, заслеплены страхам за свой трон, багацце і прывілеі, не здолеў гэтага ўбачыць.
Радасць і святло Бэтлеема, дзе пастухі праслаўлялі Бога, не змаглі прабіцца праз "браніраваную абарону" каралеўскага палаца інакш, як скажоным рэхам пагрозы, якую трэба задушыць сляпым гвалтам.
Сям'я як прытулак збаўлення
Аднак менавіта гэтая чэрствасць сэрца тырана яшчэ больш падкрэслівае каштоўнасць місіі Святой Сям'і. У свеце, поўным дэспатызму і прагнасці, яна становіцца "гняздом і калыскай" адзінага магчымага адказу: бескарыслівага дару Бога людзям.
Папа адзначыў выратавальны жэст Юзафа, які, паслухмяны голасу Пана, вывез Дзіця і Маці ў бяспечнае месца. Менавіта ў выгнанні, у Егіпце, полымя хатняй любові, якому Бог даверыў сваю прысутнасць, набірала сілу, каб пасля асвятліць увесь свет.
Хрысціянскія сем'і пакліканы быць святлом надзеі і школай сапраўднай любові для сучаснага грамадства
Пераходзячы да сучаснасці, Пантыфік заклікаў паглядзець на нашыя сем'і як на крыніцу святла для грамадства. Ён з горыччу канстатаваў той факт, што свет, на жаль, заўсёды мае сваіх "ірадаў" – міфы поспеху любой цаной, беспрынцыповай улады і павярхоўнага дабрабыту. Наступствамі гэтай пагоні часта становяцца адзінота, адчай і канфлікты.
Леў XIV горача папрасіў не дазволіць гэтым міражам задушыць полымя любові ў хрысціянскіх сем'ях. Наадварот, неабходна берагчы ў іх каштоўнасці Евангелля: малітву, частае прыняцце сакрамэнтаў, асабліва споведзі і Камуніі, здаровыя пачуцці, шчыры дыялог і вернасць. Менавіта простыя і прыгожыя штодзённыя жэсты дабрыні робяць сям'ю святлом надзеі і прыладай збаўлення ў руках Бога.
На заканчэнне сустрэчы Папа заклікаў прасіць Нябеснага Айца праз заступніцтва Марыі і святога Юзафа благаславіць усе сем'і свету, каб яны, узрастаючы па прыкладзе сям'і Божага Сына, сталі дзейсным знакам Яго бясконцай любові.