Папа: дар Беззаганнага Зачацця абнавіўся для нас у Хросце

Як Марыя сказала сваё “так”, так і мы можам штодня аднаўляць свой адказ у малітве і канкрэтных учынках любові, ад самых незвычайных жэстаў да самых звычайных і штодзённых абавязкаў, - сказаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якую правёў 8 снежня 2025 года ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Леў XIV нагадаў, што ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі мы выказваем нашу радасць, таму што Нябесны Айцец пажадаў, каб Яна была “цалкам вызваленай ад плямы першароднага граху”, поўнай нявіннасці і святасці, каб мець магчымасць даверыць Ёй свайго Сына дзеля нашага збаўлення.

“Пан дараваў Марыі незвычайную ласку цалкам чыстага сэрца дзеля яшчэ большага цуду: прыйсця ў свет Хрыста Збаўцы як чалавека (пар. Лк 1, 31-33). Багародзіца даведалася пра гэта са здзіўленнем, уласцівым пакорным, са слоў прывітання Анёла: “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою", і з вераю адказала “так”: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова”, - нагадаў Пантыфік.

Каментуючы гэтыя словы, святы Аўгустын кажа, што “Марыя паверыла, і ў Ёй спраўдзілася тое, у што паверыла” (Пропаведзь 215, 4). Дар паўнаты ласкі ў Дзеве з Назарэта змог прынесці плён, бо Яна, у сваёй свабодзе, прыняла яго, прыняўшы Божы план. Пан заўсёды дзейнічае так: Ён дае нам вялікія дары, але пакідае нам свабоду прымаць іх ці не. Таму святы Аўгустын дадае: “Будзем верыць і мы, каб тое, што спраўдзілася у Ёй, магло прынесці карысць і нам". “Такім чынам, гэтае свята, якое дазваляе нам радавацца беззаганнай прыгажосці Маці Божай, таксама запрашае нас верыць, як верыла Яна, даючы нашу шчодрую згоду на місію, да якой нас кліча Пан”, - сказаў Святы Айцец.

Цуд, які адбыўся з Марыяй пры Яе зачацці, для нас абнавіўся ў Хросце: абмытыя ад першароднага граху, мы сталі дзецьмі Божымі, Яго домам і святыняй Духа Святога. І як Марыя, дзякуючы асаблівай ласцы, змагла прыняць у сабе Езуса і падарыць Яго людзям, так і “Хрост дазваляе Хрысту жыць у нас, а нам жыць разам з Ім, каб супрацоўнічаць у Касцёле, кожны ў адпаведнасці са сваім станам, у пераўтварэнні свету” (Францішак, катэхеза 11 красавіка 2018 года).

“Дарагія мае, дар Беззаганнага Зачацця вялікі, але гэтак жа вялікі і дар Хросту, які мы атрымалі! Цудоўны адказ “так” Маці Божай, але такім можа быць і наш адказ, які мы верна аднаўляем кожны дзень, з удзячнасцю, пакорай і настойлівасцю, у малітве і канкрэтных учынках любові, ад самых незвычайных жэстаў да самых звычайных і штодзённых абавязкаў і служэнняў, каб Езус мог быць вядомым, прынятым і любімым паўсюль і каб кожнаму прыйшло Яго збаўленне”, - пажадаў Леў XIV.

“Мы просім сёння аб гэтым Айца, праз заступніцтва Беззаганнай, молячыся словамі, у якія Яна сама першай паверыла”, - завяршыў Папа.

08 снежня 2025, 12:14

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >