Пошук

“Te Deum” з Папам: свет рухаецца наперад надзеяй простых людзей

Свет прагне спаўнення мудрай і мірнай задумы Бога, а не ўзброеных людскіх стратэгій, - адзначыў Папа падчас першых нешпараў урачыстасці Святой Багародзіцы Марыі. Яны завяршыліся гімнам “Te Deum” у падзяку Богу за мінулы год.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік узначаліў набажэнства ўвечары 31 снежня 2025 года ў Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане. Ён падзякаваў усім, хто дапамог у арганізацыі і правядзенні Юбілею, і падкрэсліў асаблівую місію Рыма ў рэалізацыі Божай задумы любові да чалавечай сям’і. 

Патрэба ў мудрай і мірнай задуме

Папа адзначыў, што нараджэнне Божага Сына, якое адбылося з надыходам паўнаты часу, прымушае нас задумацца пра існаванне вялікай задумы адносна гісторыі чалавецтва. “У наш час мы адчуваем патрэбу ў мудрай, добразычлівай, міласэрнай задуме. Мы хочам, каб гэта была свабодная і вызваляючая задума, мірная і верная”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец са шкадаваннем заўважыў, што сёння, як і раней, людзі працягваюць рэалізоўваць уласныя стратэгіі, мэта якіх заключаецца ў “захопе рынкаў, тэрыторый і сфер уплыву”. Гэта не Божая задума, а людскія “ўзброеныя стратэгіі”, якія прыкрываюцца “крывадушнымі прамовамі, ідэалагічнымі дэкларацыямі і фальшывымі рэлігійнымі матывамі”, - падкрэсліў Леў XIV.

Божая задума спаўняецца дзякуючы надзеі найменшых

Пантыфік заклікаў у гэтым кантэксце скіраваць позірк на Святую Багародзіцу – найменшую і найвышэйшую паміж стварэннямі, якая бачыла вачыма Бога і сведчыць, што моцай сваёй правіцы Найвышэйшы рассее пыхлівых, скіне магутных з тронаў і ўзвысіць пакорных. 

“Богу падабаецца спадзявацца з сэрцамі найменшых і Ён робіць гэта, уключаючы іх у сваю задуму збаўлення. Чым прыгажэйшая задума, тым большая надзея. Насамрэч, свет працягвае ісці наперад менавіта дзякуючы надзеі шматлікіх простых людзей, невядомых свету, але не Богу, якія надалей вераць у лепшую будучыню нягледзячы ні на што, бо ведаюць, што яна – у руках Таго, Які дае ім самую вялікую надзею”, - сказаў Святы Айцец.

Юбілей – знак новага свету

Леў XIV адзначыў, што адным з такіх людзей быў Сымон – рыбак з Галілеі, якога Езус назваў Пятром і да магілы якога на працягу Юбілейнага года прыходзілі шматлікія пілігрымы з усіх куткоў свету, каб аднавіць сваю веру ў Езуса Хрыста, Сына Бога. Таму “Юбілей – гэта вялікі знак новага, абноўленага і прыміранага свету, згодна з Божай задумай”, - падкрэсліў Папа.

Рым пакліканы служыць задуме Божай любові

Пантыфік звярнуў увагу на асаблівае месца, якое ў гэтай задуме Божы Провід вызначыў Рыму. “Не з прычыны яго славы і магутнасці, але таму, што тут пралілі сваю кроў за Хрыста Пётр, Павел і многія іншыя мучанікі”, - сказаў Папа, выказваючы пажаданне, каб памяць пра гэта натхняла рымлян клапаціцца пра сваіх найменшых: дзяцей, самотных пажылых і ўразлівых людзей, сем’і, якім цяжка працягваць шлях, людзей, што прыбылі здалёк з надзеяй на годнае жыццё. “Няхай гэты горад, натхнёны хрысціянскай надзеяй, будзе служыць задуме Божай любові адносна чалавечай сям’і”, - завяршыў гамілію Леў XIV.
 

31 снежня 2025, 17:36