Пошук

Леў XIV: хрысціяне не маюць ворагаў, а толькі братоў і сясцёр

Святы Стэфан вучыць нас жыць як Божыя дзеці, - падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая прайшла ў Ватыкане 26 снежня 2025 года, у літургічнае свята першага хрысціянскага мучаніка.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Сёння “дзень нараджэння” святога Стэфана, як казалі першыя пакаленні хрысціян, упэўненыя, што мы нараджаемся не толькі адзін раз. Мучаніцтва – гэта нараджэнне ў небе: позірк веры насамрэч нават у смерці бачыць не толькі цемру. Мы прыходзім на свет, не выбіраючы гэтага, але потым праходзім праз мноства сітуацый, калі ад нас патрабуецца “прыходзіць на свет” больш асэнсавана, выбіраць святло. Дзеі Апосталаў сведчаць, што тыя, хто бачыў, як Стэфан ішоў на мучаніцтва, здзіўляліся яго светламу абліччу і словам. У іх напісана: “І ўсе, хто сядзеў у Сінэдрыёне, уважліва глядзелі на яго і бачылі аблічча ягонае, падобнае да аблічча анёла” (Дз 6,15). Гэта аблічча таго, хто не пакідае гісторыю раўнадушна, але прымае яе з любоўю. Усё тое, што Стэфан робіць і кажа, адлюстроўвае боскую любоў, якая аб’явілася ў Езусе, Святле, што ззяе ў нашай цемры”, - сказаў Папа.

Жыць як Божыя дзеці

“Дарагія, нараджэнне паміж намі Божага Сына заклікае нас жыць як Божыя дзеці”, - падкрэсліў Святы Айцец, заўважыўшы, што гэта можа быць цяжка, бо прыцягальная сіла дабра непазбежна выклікае рэакцыю з боку тых, хто баіцца за сваю ўладу і спрабуе схаваць сваю несправядлівасць.

“Аднак ніякая ўлада да сённяшняга дня не можа перамагчы Божую справу. Усюды ў свеце ёсць тыя, хто выбірае справядлівасць, нават плацячы за гэта высокі кошт; хто ставіць мір вышэй за ўласныя страхі; хто служыць бедным, а не сабе”, - адзначыў Пантыфік, падкрэсліўшы, што дзякуючы гэтым людзям у свеце расквітае надзея.

Хрысціянін не мае ворагаў

Папа са смуткам заўважыў, што тыя, хто сёння “верыць у мір і выбірае бяззбройны шлях Езуса і мучанікаў”, часта высмейваюцца, выключаюцца з публічнай дыскусіі і нярэдка абвінавачваюцца ў спрыянні праціўнікам і ворагам.

“Хрысціянін, аднак, не мае ворагаў, а толькі братоў і сясцёр, якія застаюцца такімі, нават калі паміж імі няма разумення. Таямніца Божага Нараджэння прыносіць нам гэту радасць: радасць, якая вынікае з настойлівасці тых, хто ўжо жыве братэрствам, хто ўжо распазнае вакол сябе, нават ва ўласных саперніках, неад’емную годнасць дачок і сыноў Божых”, - сцвердзіў Леў XIV.

Прабачэнне – сіла, мацнейшая за зброю

Пантыфік заўважыў, што святы Стэфан загінуў, прабачаючы, як Езус, падтрыманы сілай, якая “праўдзівейшая за сілу зброі”. “Гэта сіла бескарыслівасці, ужо прысутная ў сэрцы кожнага, якая абуджаецца і перадаецца няспынна, калі мы пачынаем па-іншаму глядзець на свайго бліжняга, з увагай і прызнаннем. Так, гэта значыць нарадзіцца нанова, гэта значыць зноў прыйсці на свет, гэта наша Божае Нараджэнне!”, - сцвердзіў Святы Айцец.

“Давайце будзем прасіць і сузіраць Марыю, благаслаўлёную паміж усімі жанчынамі, якія служаць жыццю і супрацьставяць клопат нахабнасці, а веру – недаверу. Няхай Марыя прывядзе нас да той самай радасці, якая рассейвае ўсякі страх і ўсякую пагрозу, падобна сонцу, што прымушае растаяць снег”, - заклікаў Пантыфік.
 

26 снежня 2025, 12:47

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >