Анёл Панскі з Папам: вучыцца міласэрнасці ў святога Юзафа

Падчас традыцыйнай сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая прайшла ў Ватыкане ў чацвёртую нядзелю Адвэнту, 21 снежня 2025 года, Папа засяродзіў увагу на постаці святога Юзафа, запрашаючы паразважаць над яго верай і міласэрнасцю.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У сваім разважанні Пантыфік звярнуўся да евангельскага ўрыўка, у якім Бог адкрывае Юзафу ў сне яго місію (Мц 1,18-24). Гэта адна з найпрыгажэйшых старонак гісторыі збаўлення, бо яе галоўным героем з’яўляецца чалавек крохкі і недасканалы, як і кожны з нас, але адначасова мужны і моцны ў веры, - адзначыў Леў XIV.

Евангеліст называе Юзафа “справядлівым”, што сведчыць пра яго пабожнасць, выкананне закону і наведванне сінагогі. Акрамя таго, ён паўстае перад намі як чалавек чуллівы і гуманны, - нагадаў Папа.

Яшчэ да таго, як анёл адкрыў яму таямніцу Марыі, сутыкнуўшыся з сітуацыяй, якую цяжка зразумець і прыняць, ён выбірае ў адносінах да сваёй нявесты не шлях скандалу і публічнага асуджэння, а стрыманы і добразычлівы шлях адступлення (пар.Мц 1,19), паказваючы глыбокае разуменне сэнсу веры, праяўляючы міласэрнасць, - сказаў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу на момант, калі Юзаф, даведаўшыся ў сне пра Божы план збаўлення, вялікім жэстам веры прыняў сваю нечаканую ролю – стаць мужам Панны Марыі, Маці Месіі. Цытуючы святога Аўгустына, Пантыфік нагадаў, што менавіта з пабожнасці і міласэрнасці Юзафа ад Дзевы Марыі нарадзіўся Сын Божы.

Леў XIV падкрэсліў, што пабожнасць і любоў, міласэрнасць і поўны давер Богу – цноты святога Юзафа, якія літургія прапануе вернікам у апошнія дні Адвэнту. Яны дапамагаюць падрыхтаваць сэрца да сустрэчы з Хрыстом і братамі і стаць адзін для аднаго “ўтульнымі яслямі, гасцінным домам, знакам прысутнасці Бога”. Ён заклікаў не выпускаць магчымасці практыкаваць прабачэнне, падтрымку, надзею і малітву.

Напрыканцы сустрэчы Папа даручыў вернікаў заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Юзафа, якія першымі з верай і вялікай любоўю прынялі Езуса, Збаўцу свету.

21 снежня 2025, 12:05

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >