Леў XIV: Бог клапоціцца, каб ніхто не быў страчаны назаўсёды

Галоўны клопат Бога – каб ніхто не быў страчаны назаўсёды, каб кожны меў сваё месца і ззяў сваёй непаўторнасцю, – сказаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якая прайшла ў Ватыкане 2 лістапада 2025 года, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Уваскрасенне з мёртвых укрыжаванага Езуса ў гэтыя лістападаўскія дні асвятляе лёс кожнага з нас. Ён сам сказаў нам: “Воля таго, хто паслаў Мяне, такая, каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не страціў, але каб уваскрасіў у апошні дзень” (Ян 6, 39). Так становіцца ясна, што з’яўляецца галоўным клопатам Бога: каб ніхто не быў страчаны назаўсёды, каб кожны меў сваё месца і ззяў сваёй непаўторнасцю”, – сказаў Леў XIV.

Пантыфік падкрэсліў, што ў сэрцы кожнага чалавека ёсць прагненне стаць часткай радаснай супольнасці, якая ўспамінаецца ва ўрачыстасць Усіх Святых. “Як напісаў Папа Бэнэдыкт XVI, само слова “вечнае жыццё” імкнецца даць назву гэтай неўтаймаванай тузе: гэта не бясконцае працяканне часу, а пагружэнне ў акіян бясконцай любові, у якім больш не існуе ні мінулага, ні будучага часу. Паўната жыцця і радасці – вось тое, на што мы спадзяёмся і чаго чакаем ад нашага адзінства з Хрыстом”, - адзначыў ён.

Святы Айцец заўважыў, што “ўспамін усіх памерлых вернікаў яшчэ больш набліжае да нас гэтую таямніцу”. “Клопат Бога пра тое, каб ніхто не быў страчаны, мы пазнаём знутры кожны раз, калі смерць, здаецца, назаўсёды забірае ў нас голас, твар, цэлы свет. Бо кожны чалавек – гэта цэлы свет. Сённяшні дзень, такім чынам, становіцца выклікам для чалавечай памяці – такой каштоўнай і такой далікатнай. Без памяці пра Езуса – пра Яго жыццё, смерць і ўваскрасенне – велізарны скарб кожнага жыцця падвяргаецца небяспецы забыцця”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што “ў жывой памяці пра Езуса нават той, каго ніхто не памятае, нават тыя, чыя гісторыя, здаецца, сцёртая, адкрываюцца ў сваёй бясконцай годнасці”. “Таму хрысціяне з даўніх часоў успамінаюць памерлых падчас кожнай Эўхарыстыі і да сёння просяць, каб іх блізкія былі ўзгаданыя ў эўхарыстычнай малітве. З гэтага паслання нараджаецца надзея, што ніхто не будзе страчаны”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Няхай наведванне могілак, дзе цішыня перарывае шум штодзённасці, стане для ўсіх нас запрашэннем да памяці і чакання. У Сімвале веры мы кажам: “Чакаю ўваскрашэння памерлых і жыцця вечнага ў будучым свеце”, - сказаў Леў XIV, заўважаючы, што вера хрысціянаў скіравана ў будучыню.

“Мы не замкнёныя ў мінулым, у слязах настальгіі, але і не замкнёныя ў сучаснасці, як у магіле. Няхай знаёмы голас Езуса дасягне нас і ўсіх, бо толькі гэты голас прыходзіць з будучыні. Ён кліча нас па імені, рыхтуе нам месца, вызваляе ад пачуцця бездапаможнасці, праз якое мы рызыкуем адрачыся ад жыцця”, - падкрэсліў Папа, выказаўшы пажаданне, каб “Марыя, жанчына Вялікай Суботы, зноў навучыла нас спадзявацца”.
 

02 лістапада 2025, 12:07

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >