Святая Імша ў Стамбуле: заклік да адзінства і міру
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа нагадаў аб тым, што Імша адбываецца напярэдадні ўрачыстасці святога Андрэя, апостала і нябеснага апекуна турэцкай зямлі, а таксама напачатку Адвэнту – часу, калі Касцёл рыхтуецца зноў перажыць таямніцу Нараджэння Езуса, Сына Божага, якога Айцы Нікейскага Сабора назвалі “народжаным, нествораным, адзінасутным Айцу" (Нікейска-Канстантынопальскі сімвал веры).
Гара святла і супакою
Разважаючы над прароцтвам Ісаі, Леў XIV выкарыстаў вобраз гары, якая ўзвышаецца над іншымі (пар. Іс 2:2), і нагадвае нам, што плён Божага дзеяння ў нашым жыцці з'яўляецца дарам не толькі для нас, але і для кожнага чалавека ў любой кропцы свету. Горад на вяршыні гары, Сіён, служыць напамінам пра тое, што радасць дабра заразная. Жыцці многіх святых пацвярджаюць гэта: Пётр сустракае Езуса дзякуючы энтузіязму свайго брата Андрэя, святы Аўгустын – дзякуючы палымянай пропаведзі святога Амброзія. І такіх прыкладаў шмат, - заўважыў Пантыфік.
Святы Айцец заклікаў вернікаў “аднавіць моц уласнага сведчання веры”. Святы Ян Залатавуст казаў пра прывабнасць святасці, якая ўзмацняе іншых больш, чым цуды, якія “здараюцца і праходзяць”. Ён нагадаў пра неабходнасць “сачыць за сабой”, каб прыносіць карысць людзям, умацоўваючы веру малітвай і сакрамэнтамі, пастаянна жывучы ў любові, адкідаючы “учынкі цемры” і апранаючыся ў “зброю святла” (пар. Рым 13:12). Папа заахвоціў вернікаў быць гатовымі да сустрэчы з Панам, шчыра імкнучыся жыць праведным жыццём, прытрымліваючыся прыкладу шматлікіх святых, якія жылі на гэтай зямлі.
Мір – неадкладная патрэба
Папа рашуча выступіў супраць вайны і насілля. Звяртаючыся да другога вобразу з кнігі Ісаі – “І перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае – на сярпы. Народ не падыме мяча супраць народа, і яны не будуць больш вучыцца ваяваць” (Іс 2:4), Пантыфік сказаў: “Як актуальны гэты заклік для нас сёння! Якая вялікая патрэба ў міры, адзінстве і прымірэнні вакол нас, ўнутры нас і сярод нас! Які ўклад можам унесці мы?”
Святы Айцец заахвоціў прысутных зірнуць на лагатып яго падарожжа – мост праз Басфор, які злучае два кантыненты: Азію і Еўропу. Гэтае ўражлівае збудаванне застаецца малым і ўразлівым у параўнанні з неабсяжнымі тэрыторыямі, якія ён злучае. Гэты трайны мост праз праліў нагадвае нам пра важнасць нашых агульных намаганняў па навядзенні мастоў адзінства на трох узроўнях: унутры каталіцкай супольнасці, у экуменічных адносінах з прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх канфесій і ў сустрэчах з братамі і сёстрамі, якія належаць да іншых рэлігій. Клопат пра гэтыя тры сувязі, іх умацаванне і пашырэнне ўсімі магчымымі спосабамі з'яўляецца часткай нашага паклікання быць горадам, які стаіць на вяршыні гары (пар. Мц 5:14-16), - падкрэсліў Папа.
Адзінства ўнутры Касцёла
Гаворачы пра адзінства ў Касцёле, Папа нагадаў, што ў Турцыі ён складаецца з чатырох літургічных традыцый – лацінскай, армянскай, халдэйскай і сірыйскай, кожная з якіх прыўносіць духоўнае і гістарычнае багацце. Гэтая адзінства – дар Божы, моцны і непераможны, аднак “рэалізацыя гэтага адзінства ў часе залежыць ад нас, ад нашых намаганняў”. Звярнуўшы позірк да Нябеснага Ерузалема, мы павінны ўмацоўваць сувязі паміж сабой, каб узбагачаць адно аднаго і быць пэўным знакам усеагульнай і бясконцай Божай любові для ўсяго свету, - пажадаў Леў XIV.
Экуменічнае вымярэнне
Другім элементам адзінства з'яўляецца экуменізм, таму што адзіная вера ў Хрыста аб’ядноўвае не толькі католікаў, але і ўсіх хрысціян, - нагадаў Папа, цёпла вітаючы прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх Цэркваў, якія прысутнічалі на Імшы. Ён узгадаў сумесную малітву ў Ізніку, старажытнай Нікеі, дзе ў 325 годзе адбыўся Нікейскі Сабор. Святы Ян XXIII, які быў звязаны з турэцкай зямлёй глыбокімі вузамі ўзаемнага сяброўства, быў вялікім сведкам экуменічных адносін. Леў XIV пацвердзіў прыхільнасць Касцёла адзінству, імкненне да таго, каб “усе былі адным”.
Міжрэлігійны дыялог
Папа таксама заклікаў да дыялогу з прадстаўнікамі іншых веравызнанняў, адзначыўшы, што рэлігія ніколі не павінна служыць апраўданнем для войнаў і жорсткасці. “Таму мы хочам ісці разам, шануючы тое, што нас аб'ядноўвае, разбураючы муры недаверу і прадузятасці, спрыяючы ўзаемнаму пазнанню і павазе, каб данесці да ўсіх моцнае пасланне надзеі і запрашэнне стаць міратворцамі”, - сказаў Святы Айцец.
Заклік да вернікаў на пачатку Каляднага посту.
Леў XIV параўнаў хрысціянскі шлях з мостам, які пабудаваў для нас Бог і які злучае зямлю з Нябёсамі. “Давайце будзем заўсёды скіроўваць нашы позіркі на абодва берагі, каб мы маглі ў сім сэрцам любіць Бога і нашых братоў і сясцёр, каб ісці разам і аднойчы сустрэцца ў доме Айца”, - завяршыў ён.
