Святая Імша ў Стамбуле: заклік да адзінства і міру

29 лістапада 2025 года ў рамках Апостальскага падарожжа ў Турцыю Леў XIV узначаліў Імшу ў “Volkswagen Arena” у Стамбуле. У гаміліі ён заклікаў хрысціян да духоўнага аднаўлення, адзінства і актыўнай працы дзеля міру.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папа нагадаў аб тым, што Імша адбываецца напярэдадні ўрачыстасці святога Андрэя, апостала і нябеснага апекуна турэцкай зямлі, а таксама напачатку Адвэнту – часу, калі Касцёл рыхтуецца зноў перажыць таямніцу Нараджэння Езуса, Сына Божага, якога Айцы Нікейскага Сабора назвалі “народжаным, нествораным, адзінасутным Айцу" (Нікейска-Канстантынопальскі сімвал веры).

Гара святла і супакою

Разважаючы над прароцтвам Ісаі, Леў XIV выкарыстаў вобраз гары, якая ўзвышаецца над іншымі (пар. Іс 2:2), і нагадвае нам, што плён Божага дзеяння ў нашым жыцці з'яўляецца дарам не толькі для нас, але і для кожнага чалавека ў любой кропцы свету. Горад на вяршыні гары, Сіён, служыць напамінам пра тое, што радасць дабра заразная. Жыцці многіх святых пацвярджаюць гэта: Пётр сустракае Езуса дзякуючы энтузіязму свайго брата Андрэя, святы Аўгустын – дзякуючы палымянай пропаведзі святога Амброзія. І такіх прыкладаў шмат, - заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў вернікаў “аднавіць моц уласнага сведчання веры”. Святы Ян Залатавуст казаў пра прывабнасць святасці, якая ўзмацняе іншых больш, чым цуды, якія “здараюцца і праходзяць”. Ён нагадаў пра неабходнасць “сачыць за сабой”, каб прыносіць карысць людзям, умацоўваючы веру малітвай і сакрамэнтамі, пастаянна жывучы ў любові, адкідаючы “учынкі цемры” і апранаючыся ў “зброю святла” (пар. Рым 13:12). Папа заахвоціў вернікаў быць гатовымі да сустрэчы з Панам, шчыра імкнучыся жыць праведным жыццём, прытрымліваючыся прыкладу шматлікіх святых, якія жылі на гэтай зямлі.

Святая Імша ў “Volkswagen Arena” у Стамбуле
Святая Імша ў “Volkswagen Arena” у Стамбуле   (ANSA)

Мір – неадкладная патрэба

Папа рашуча выступіў супраць вайны і насілля. Звяртаючыся да другога вобразу з кнігі Ісаі – “І перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае – на сярпы. Народ не падыме мяча супраць народа, і яны не будуць больш вучыцца ваяваць” (Іс 2:4), Пантыфік сказаў: “Як актуальны гэты заклік для нас сёння! Якая вялікая патрэба ў міры, адзінстве і прымірэнні вакол нас, ўнутры нас і сярод нас! Які ўклад можам унесці мы?”

Святы Айцец заахвоціў прысутных зірнуць на лагатып яго падарожжа – мост праз Басфор, які злучае два кантыненты: Азію і Еўропу. Гэтае ўражлівае збудаванне застаецца малым і ўразлівым у параўнанні з неабсяжнымі тэрыторыямі, якія ён злучае. Гэты трайны мост праз праліў нагадвае нам пра важнасць нашых агульных намаганняў па навядзенні мастоў адзінства на трох узроўнях: унутры каталіцкай супольнасці, у экуменічных адносінах з прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх канфесій і ў сустрэчах з братамі і сёстрамі, якія належаць да іншых рэлігій. Клопат пра гэтыя тры сувязі, іх умацаванне і пашырэнне ўсімі магчымымі спосабамі з'яўляецца часткай нашага паклікання быць горадам, які стаіць на вяршыні гары (пар. Мц 5:14-16), - падкрэсліў Папа.

Святая Імша ў "Volkswagen-Arena" у Стамбуле
Святая Імша ў "Volkswagen-Arena" у Стамбуле

Адзінства ўнутры Касцёла

Гаворачы пра адзінства ў Касцёле, Папа нагадаў, што ў Турцыі ён складаецца з чатырох літургічных традыцый – лацінскай, армянскай, халдэйскай і сірыйскай, кожная з якіх прыўносіць духоўнае і гістарычнае багацце. Гэтая адзінства – дар Божы, моцны і непераможны, аднак “рэалізацыя гэтага адзінства ў часе залежыць ад нас, ад нашых намаганняў”. Звярнуўшы позірк да Нябеснага Ерузалема, мы павінны ўмацоўваць сувязі паміж сабой, каб узбагачаць адно аднаго і быць пэўным знакам усеагульнай і бясконцай Божай любові для ўсяго свету, - пажадаў Леў XIV.

Святая Імша з Папам у Стамбуле
Святая Імша з Папам у Стамбуле   (@Vatican Media)

Экуменічнае вымярэнне

Другім элементам адзінства з'яўляецца экуменізм, таму што адзіная вера ў Хрыста аб’ядноўвае не толькі католікаў, але і ўсіх хрысціян, - нагадаў Папа, цёпла вітаючы прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх Цэркваў, якія прысутнічалі на Імшы. Ён узгадаў сумесную малітву ў Ізніку, старажытнай Нікеі, дзе ў 325 годзе адбыўся Нікейскі Сабор. Святы Ян XXIII, які быў звязаны з турэцкай зямлёй глыбокімі вузамі ўзаемнага сяброўства, быў вялікім сведкам экуменічных адносін. Леў XIV пацвердзіў прыхільнасць Касцёла адзінству, імкненне да таго, каб “усе былі адным”.

Святая Імша ў Стамбуле
Святая Імша ў Стамбуле   (@Vatican Media)

Міжрэлігійны дыялог

Папа таксама заклікаў да дыялогу з прадстаўнікамі іншых веравызнанняў, адзначыўшы, што рэлігія ніколі не павінна служыць апраўданнем для войнаў і жорсткасці. “Таму мы хочам ісці разам, шануючы тое, што нас аб'ядноўвае, разбураючы муры недаверу і прадузятасці, спрыяючы ўзаемнаму пазнанню і павазе, каб данесці да ўсіх моцнае пасланне надзеі і запрашэнне стаць міратворцамі”, - сказаў Святы Айцец.
Заклік да вернікаў на пачатку Каляднага посту.

Леў XIV параўнаў хрысціянскі шлях з мостам, які пабудаваў для нас Бог і які злучае зямлю з Нябёсамі. “Давайце будзем заўсёды скіроўваць нашы позіркі на абодва берагі, каб мы маглі ў сім сэрцам любіць Бога і нашых братоў і сясцёр, каб ісці разам і аднойчы сустрэцца ў доме Айца”, - завяршыў ён.

Відэзамалёўка са святой Імшы ў Стамбуле
29 лістапада 2025, 16:20