Францішак і Франчэска: сустрэча Папы з 94-гадовай манахіняй
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Я папрасіла Бога: “Хачу сустрэцца з Папам...” Думала, што гэта немагчыма, але Папа сам прыйшоў сустрэцца са мной”, - расказала пажылая законніца ў каментары для “Vatican News“.
Франчэска Бацірола ўпершыню пераступіла парог кляштара ва ўзросце васьмі гадоў. У сямнаццаць яна склала манаскія абяцанні, калі яе жыццё было пад пагрозай з-за хваробы кішэчніка. З нагоды Юбілею хворых і свету аховы здароўя, які адбываўся ў Рыме 5-6 красавіка 2025 года, манахіня, якая цяпер прыкаваная да вазка, выказала жаданне наведаць Рым і прайсці праз Святую Браму ватыканскай базілікі.
У паездку яна адправілася разам з групай сяброў і сваякоў. Улічваючы яе слабое здароўе, ёй дазволілі памаліцца адной каля магілы апостала Пятра, у той час як на плошчы перад саборам праходзіла ўрачыстая Імша з удзелам каля 20 тысяч чалавек.
Падчас малітвы сястра Франчэска заўважыла яшчэ адзін інвалідны вазок у цэнтры базілікі. Вакол яго стаялі высокія мужчыны ў строгіх касцюмах — супрацоўнікі службы бяспекі Святога Айца, які ў гэты момант паспавядаўся, памаліўся і накіроўваўся на плошчу, каб прывітаць вернікаў. Убачыўшы групу вернікаў каля магілы апостала Пятра, Пантыфік наблізіўся, каб асабіста прывітаць і іх.
“Два вазкі сустрэліся! Гэта было цудоўна”, - падзялілася манахіня. Яна расказала, што трымала Папу за руку, а ён, жартуючы, спытаў: “Ці вы не адна з тых манахінь з Неапаля?”, маючы на ўвазе вядомы эпізод 2015 года падчас яго візіту ў неапальскую катэдру. Тады, на заканчэнне сустрэчы з мясцовым духавенствам і кансэкраванымі асобамі, Пантыфіка раптоўна акружыла група манахінь, якія не хацелі яго адпускаць, і кардынал Крэшчэнца Сэпэ быў вымушаны настойліва заклікаць іх да парадку.
Сястра Франчэска Бацірола не была ў той групе – яна знаходзілася ў базіліцы, але не змагла прывітаць Святога Айца асабіста. Цяпер яе мара споўнілася. Манахіня некалькіх хвілін размаўляла з Папа Францішкам і запэўніла ў сваіх малітвах аб яго выздараўленні.