Юбілей хворых: Папа паспавядаўся і прайшоў праз Святую Браму
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Сёння раніцай Папа Францішак далучыўся да юбілейнай пілігрымкі хворых і работнікаў сферы аховы здароўя. Перш чым прывітаць пілігрымаў і вернікаў на плошчы, выказаўшы ім падзяку, Папа прыняў сакрамэнт споведзі ў Базіліцы Святога Пятра, памаліўся і прайшоў праз Святую Браму”, - паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
Юбілей хворых і сферы аховы здароўя стаў чарговай значнай падзеяй Святога 2025 года. На святкаванне ў Рым прыбылі каля 20 тысяч чалавек з усяго свету: хворыя, урачы, медыцынскія работнікі, донары, прадстаўнікі дабрачынных арганізацый, што дзейнічаюць у сферы аховы здароўя. Кульмінацыяй падзеі стала святая Імша, якую ад імя Папы цэлебраваў на плошчы Святога Пятра арцыбіскуп Рына Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі. Францішак прыбыў на плошчу на заканчэнне літургіі, каб прывітаць і благаславіць яе ўдзельнікаў.