Святы Айцец у шпіталі: ноч прайшла спакойна
Марыя Валодзіна - Vatican News
"Ноч прайшла спакойна", - такое кароткае паведамленне для журналістаў распаўсюдзіў у 8:57 раніцы Святы Пасад.
Публікацыя наступнага медыцынскага бюлетэня не запланавана на вечар 13 сакавіка, але Зала Друку, як заўсёды, абнародуе агульную інфармацыю пра стан здароўя Пантыфіка.
Напярэдадні паведамлялася, што клінічны стан Святога Айца застаецца стабільным. Рэнтгенаграфія грудной клеткі, праведзеная ў аўторак, 11 сакавіка, пацвердзіла паляпшэнне, адзначанае ў папярэднія дні.
Удзень Святы Айцец працягвае атрымліваць высокапаточную кіслародную тэрапію, а ноччу – неінвазіўную механічную вентыляцыю лёгкіх. Акрамя таго, ён праходзіць курс рухальнай і дыхальнай фізіятэрапіі.
Учора Папа двойчы ўдзельнічаў па відэасувязі ў духоўных практыкаваннях Рымскай курыі, а таксама малiўся і прыняў Эўхарыстыю.
Што датычыцца інфармацыі пра магчымае апостальскае падарожжа Папы ў Нікею ў маі 2025 года, Зала Друку ўдакладніла, што магчымасць паездкі вывучаецца, але пакуль што афіцыйна не пацверджана.