Святы Айцец правёў спакойную ноч у клініцы “Джэмэлі”
Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што Святы Айцец правёў чарговую спакойную ноч. Ён працягвае лячэнне і ўдзельнічае ў велікапосных духоўных практыкаваннях.
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Папа правёў спакойную ноч”, - гаворыцца ў кароткім паведамленні для журналістаў, апублікаваным 14 сакавіка 2025 года ў 8:35 па цэнтральнаеўрапейскім часе.
Ужо месяц, з 14 лютага, Пантыфік працягвае лячэнне ў рымскай клініцы “Джэмэлі”, якое ўключае медыкаментозную і рухальную тэрапію, а таксама чаргаванне штучнай вентыляцыі лёгкіх ноччу з кіслароднай падтрымкай праз насавыя канюлі ўдзень. Яго стан здароўя застаецца стабільным, але складаным.
На працягу гэтага тыдня ён удзельнічае праз відэасувязь у велікапосных духоўных практыкаваннях для Рымскай курыі, якія ў Ватыкане праводзіць прапаведнік Папскага дома, айцец Рабэрта Пазаліні.
14 сакавіка 2025, 08:57