Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Анёл Панскі: мы ўсе браты ў збаўленні, падораным Хрыстом

У сваім разважанні да нядзельнай малітвы "Анёл Панскі" Папа заклікаў вернікаў перажываць Вялікі пост як час аздараўлення і малітвы за мір ва ўсім свеце.


Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

30 сакавіка 2025 года Францішак не змог асабіста прамовіць сваё разважанне з прычыны праблем са здароўем. Тэкст разважання быў распаўсюджаны Залай Друку Апостальскай Сталіцы, каб вернікі маглі азнаёміцца з думкамі Святога Айца.

“Езус аздараўляе нашы раны, каб мы маглі любіць адзін аднаго як браты”

У падрыхтаваным разважанні Пантыфік засяродзіўся на тэме міласэрнасці і аздараўлення, спасылаючыся на Евангелле дня (Лк 15,1-3.11-32). "Езус аздараўляе нашы раны, каб мы маглі любіць адзін аднаго як браты", - гаворыцца ў тэксце, дзе Папа заклікае вернікаў перажываць Вялікі пост, асабліва ў кантэксце Юбілейнага года, як час аздараўлення.

Сімвалічна, што ў сваім разважанні Францішак падзяліўся, што сам перажывае гэты час як перыяд аздараўлення душы і цела. Ён выказаў удзячнасць усім, хто з'яўляецца інструментам аздараўлення для бліжніх праз сваё слова, веды, любоў і малітву.

“Давяраючы міласэрнасці Бога Айца, будзем працягваць маліцца за мір”

Святы Айцец заклікаў працягваць малітвы за мір у розных кутках свету, у прыватнасці ва Украіне, Палесціне, Ізраілі, Ліване, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і М'янме, якая таксама пакутуе ад землятрусу.

Асаблівую ўвагу ў разважанні Папа звярнуў на сітуацыю ў Паўднёвым Судане. "Аднаўляю мой шчыры заклік да ўсіх лідараў, каб яны прыклалі максімальныя намаганні для зніжэння напружанасці ў краіне", - гаворыцца ў тэксце. Францішак падкрэсліў неабходнасць адкласці рознагалоссі і з мужнасцю і адказнасцю сесці за стол перамоў, каб пачаць канструктыўны дыялог.

“Паставіць на першае месца абарону жыцця мірных грамадзян”

Пантыфік таксама выказаў занепакоенасць сітуацыяй у Судане, дзе працягваецца вайна, і заклікаў бакі канфлікту паставіць на першае месца абарону жыцця мірных грамадзян.

Нягледзячы на шматлікія праблемы ў свеце, Францішак адзначыў і пазітыўныя падзеі, сярод якіх ратыфікацыя пагаднення аб дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы паміж Таджыкістанам і Кыргызстанам, што, па словах Папы, з'яўляецца выбітным дыпламатычным дасягненнем.

На заканчэнне падрыхтаванага разважання Папа звярнуўся да Марыі, Маці міласэрнасці, з просьбай дапамагчы чалавечай сям'і дасягнуць прымірэння і спакою.
 

30 сакавіка 2025, 12:09

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >