Францішак: вырушым за Езусам, як Марыя і Юзаф
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік завяршыў рэфлексію над пасланнем надзеі, якое змяшчаецца ў апавяданні пра дзяцінства Езуса. Ён звярнуўся да евангельскага ўрыўку пра тое, як дванаццацігадовы Езус застаўся ў Ерузалемскай святыні, не папярэдзіўшы сваіх бацькоў. Гэта апавяданне і дыялог Марыі і Езуса, па словах Папы, паказваюць наколькі цяжкім для Багародзіцы быў шлях пазнання таямніцы Хрыста.
Святы Айцец узгадаў пра самыя важныя моманты з жыцця Панны Марыі – ад зачацця Езуса і Яго нараджэння ў Бэтлееме да прабывання пад Крыжам на Галгоце і чакання спаслання Святога Духа разам з вучнямі ў ерузалемскім Вячэрніку. На ўсім гэтым шляху Багародзіца была “пілігрымкай надзеі”, дачкой свайго Сына і Яго “першай вучаніцай”, але нават моцная лучнасць з Божым словам не пазбавіла Яе цяжкасцяў “вучнёўства”.
Пантыфік нагадаў, што досвед страты дванаццацігадовага Езуса падчас штогадовай пілігрымкі ў Ерузалем моцна напалохаў Марыю: разам з Юзафам Яна зведала боль бацькоў, якія згубілі дзіця.
Марыю і Юзаф лічылі, што Езус вяртаецца ў Назарэт разам са сваякамі, але раптам не знайшлі Яго. Тады яны былі вымушаны вярнуцца ў Ерузалемскую святыню, дзе ўбачылі, што Той, Які да нядаўняга часу быў у іх вачах дзіцём, што патрабавала абароны, раптам быццам вырас, стаў здольны ўключацца ў абмеркаванне Святога Пісання і дыскутаваць з настаўнікамі Закона.
Марыя спыталася ў Езуса: “Дзіця, чаму Ты зрабіў нам так? Вось бацька Твой і я балюча перажывалі, шукаючы Цябе”, а Ён з пяшчотнай прастатой адказаў: “Чаго ж вы шукалі Мяне? Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?” (Лк 2, 48–49).
Пантыфік падкрэсліў, што таямніца Езуса перавышала разуменне Марыі і Юзафа. “Бацькі жадаюць абараніць сваё найдаражэйшае Дзіця пад крыламі сваёй любові; Езус жа хацеў споўніць сваё пакліканне Сына Айца, які служыць Яму і жыве, цалкам занураны ў Яго слова”, - заўважыў Францішак.
“Дарагія браты і сёстры, давайце, як Марыя і Юзаф, з надзеяй у сэрцы вырушым за Панам, Які не дазваляе абмежаваць сябе нашымі схемамі і дае магчымасць знайсці Яго не ў пэўным месцы, а ў адказе любові на клопат Айца – у адказе любові, які і з’яўляецца сыноўскім жыццём”, - напісаў на завяршэнне катэхезы Папа.