Францішак заклікаў дзеячаў мастацтва быць прарокамі прыгажосці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
16 лютага 2025 года ў Базіліцы Святога Пятра адбылася Імша з нагоды Юбілею творцаў. Цэлебрацыю ўзначаліў кардынал Жазэ Таленціна дэ Мендонса, прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі. Ён зачытаў гамілію, падрыхтаваную Папам, які не змог прысутнічаць з прычыны шпіталізацыі.
"Сёння наша першая думка скіравана да Папы Францішка. Молімся за яго здароўе, дзякуем за бачанне і падтрымку, якую ён нам заўсёды дае", - адзначыў кардынал Таленціна дэ Мендонса на пачатку цэлебрацыі.
Разважаючы над евангельскім фрагментам пра Благаславенствы, Святы Айцец падкрэсліў, што гэтыя словы "пераварочваюць логіку свету" і заклікаюць "глядзець на рэчаіснасць новымі вачыма", пазнаючы прыгажосць "нават у крохкасці і пакутах".
У свеце, дзе "ўзводзяцца новыя муры" і адрозненні становяцца нагодай для падзелаў, мастацтва можа здавацца залішнім. "Але мастацтва – не раскоша, а неабходнасць духу. Не ўцёкі, а адказнасць, заклік да дзеяння, крык", - падкрэсліў Пантыфік.
Францішак звярнуўся да прысутных паэтаў, мастакоў і музыкантаў словамі паэта-езуіта Джэрарда Мэнлі Хопкінса: "Свет поўны велічы Божай. Яна заззяе як бляск узрушанай пласціны". Гэтымі словамі Пантыфік падкрэсліў місію творцаў – "адкрываць і выяўляць гэтую схаваную веліч".
"Ваша місія – не толькі ствараць прыгажосць, але і выяўляць праўду, дабро і прыгажосць, схаваныя ў складках гісторыі, даваць голас тым, у каго яго няма, ператвараць боль у надзею", - падкрэсліў Папа ў сваёй гаміліі да прыкладна 4 тысяч удзельнікаў цэлебрацыі.
У завяршэнне Святы Айцец заклікаў дзеячаў мастацтва і культуры быць прарокамі, актыўнымі ў распаўсюджванні логікі Благаславенстваў: "Ніколі не пераставайце шукаць, задаваць пытанні, рызыкаваць. І памятайце: надзея – гэта не ілюзія; прыгажосць – не ўтопія; ваш дар – не выпадковасць, гэта пакліканне. Адказвайце з шчодрасцю, з запалам, з любоўю".