Імша для дзеячаў мастацтва ў межах Юбілейнага 2025 года у Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане. Імша для дзеячаў мастацтва ў межах Юбілейнага 2025 года у Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане.  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Францішак заклікаў дзеячаў мастацтва быць прарокамі прыгажосці

У гаміліі для Імшы Юбілею Дзеячаў Мастацтва Францішак разважае пра ролю творцаў як "вартаўнікоў прыгажосці", здольных "схіліцца над ранамі свету" і ўбачыць у іх святло надзеі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

16 лютага 2025 года ў Базіліцы Святога Пятра адбылася Імша з нагоды Юбілею творцаў. Цэлебрацыю ўзначаліў кардынал Жазэ Таленціна дэ Мендонса, прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі. Ён зачытаў гамілію, падрыхтаваную Папам, які не змог прысутнічаць з прычыны шпіталізацыі.

“Мастацтва – гэта неспакойны мір, які не аддзяляецца ад драмы існавання”

"Сёння наша першая думка скіравана да Папы Францішка. Молімся за яго здароўе, дзякуем за бачанне і падтрымку, якую ён нам заўсёды дае", - адзначыў кардынал Таленціна дэ Мендонса на пачатку цэлебрацыі.

Разважаючы над евангельскім фрагментам пра Благаславенствы, Святы Айцец падкрэсліў, што гэтыя словы "пераварочваюць логіку свету" і заклікаюць "глядзець на рэчаіснасць новымі вачыма", пазнаючы прыгажосць "нават у крохкасці і пакутах".

“Творца павінен дапамагчы чалавецтву не згубіць кірунак”

У свеце, дзе "ўзводзяцца новыя муры" і адрозненні становяцца нагодай для падзелаў, мастацтва можа здавацца залішнім. "Але мастацтва – не раскоша, а неабходнасць духу. Не ўцёкі, а адказнасць, заклік да дзеяння, крык", - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак звярнуўся да прысутных паэтаў, мастакоў і музыкантаў словамі паэта-езуіта Джэрарда Мэнлі Хопкінса: "Свет поўны велічы Божай. Яна заззяе як бляск узрушанай пласціны". Гэтымі словамі Пантыфік падкрэсліў місію творцаў – "адкрываць і выяўляць гэтую схаваную веліч".

“Выхаванне да прыгажосці азначае выхаванне да надзеі”

"Ваша місія – не толькі ствараць прыгажосць, але і выяўляць праўду, дабро і прыгажосць, схаваныя ў складках гісторыі, даваць голас тым, у каго яго няма, ператвараць боль у надзею", - падкрэсліў Папа ў сваёй гаміліі да прыкладна 4 тысяч удзельнікаў цэлебрацыі.

У завяршэнне Святы Айцец заклікаў дзеячаў мастацтва і культуры быць прарокамі, актыўнымі ў распаўсюджванні логікі Благаславенстваў: "Ніколі не пераставайце шукаць, задаваць пытанні, рызыкаваць. І памятайце: надзея – гэта не ілюзія; прыгажосць – не ўтопія; ваш дар – не выпадковасць, гэта пакліканне. Адказвайце з шчодрасцю, з запалам, з любоўю".
 

16 лютага 2025, 11:52