Папа на Юбілей узброеных сіл: заўсёды абараняць жыццё
Марыя Валодзіна - Vatican News
Урачыстая Святая Імша для вайскоўцаў і ахоўнікаў грамадскага парадку з усіх куткоў свету прайшла 9 лютага 2025 года на ватыканскай Плошчы святога Пятра. У ёй прынялі ўдзел каля 25 тысяч чалавек. Нягледзячы на бранхіт, Папа Францішак узначаліў літургію, але даручыў свайму памочніку агучыць частку гаміліі.
У сваёй гаміліі Святы Айцец нагадаў, што евангеліст апісвае дзеянні Езуса на возеры Генэзарэт трыма дзеясловамі: убачыў, увайшоў, сеў (Лк 5, 1). Езус не клапоціцца аб тым, каб прадэманстраваць сябе натоўпу, выканаць нейкую задачу, наадварот, на першае месца Ён заўсёды ставіць сустрэчу з людзьмі, адносіны з імі, клопат пра тыя цяжкасці і няўдачы, якія абцяжарваюць сэрцы і пазбаўляюць надзеі.
Таму ў той дзень Езус убачыў, увайшоў і сеў. Перш за ўсё Езус убачыў. У Яго ўважлівы позірк, які нават у вялікім натоўпе дазваляе Яму заўважыць ля берага два чоўна і ўбачыць расчараванне на тварах рыбакоў, якія працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі.
Убачыўшы іх роспач, Езус увайшоў у човен Сымона, папрасіўшы яго крыху адплысці ад берага, і тым самым увайшоў у прастору яго жыцця, пранікся той няўдачай, якая засмучала яго сэрца.
Нарэшце, увайшоўшы ў човен, Езус сеў і вучыў. “І тады адбываецца цуд: калі Пан уваходзіць у човен нашага жыцця, каб прынесці нам Добрую навіну пра Божую любоў, якая заўсёды суправаджае і падтрымлівае нас, тады жыццё пачынаецца нанова, надзея адраджаецца, страчаны энтузіязм вяртаецца, і мы можам зноў закінуць сетку ў мора”, - гаворыцца ў гаміліі.
“Гэтае слова надзеі суправаджае нас сёння, калі мы святкуем Юбілей войска, паліцыі і службаў бяспекі, якім я дзякую за службу, вітаючы прысутныя ўлады, асацыяцыі і ваенныя акадэміі, а таксама ваенных ардынарыяў і капеланаў. Вам даверана вялікая місія, якая ахоплівае шматлікія вымярэнні грамадскага і палітычнага жыцця: абарона нашых краін, клопат пра бяспеку, захаванне законнасці і справядлівасці, прысутнасць у месцах зняволення, барацьба са злачыннасцю і рознымі формамі гвалту, якія могуць парушыць грамадскі спакой”, - падкрэсліў Пантыфік.
“Пан просіць вас рабіць як Ён: бачыць, уваходзіць, сядаць. Бачыць, бо вы пакліканы мець уважлівы позірк, які ўмее заўважаць пагрозы агульнаму дабру, небяспекі, якія навісаюць над жыццём грамадзян, экалагічныя, сацыяльныя і палітычныя рызыкі, якім мы падвяргаемся. Уваходзіць, бо вашы мундзіры, дысцыпліна, якая вас загартавала, мужнасць, якая вас вылучае, прысяга, якую вы далі – усё гэта нагадвае вам, наколькі важна не толькі бачыць зло, каб выкрыць яго, але і ўвайсці ў човен ў буру і імкнуцца, каб ён не патануў, з місіяй служэння дабру, свабодзе і справядлівасці. І нарэшце, сядаць, бо ваша прысутнасць у нашых гарадах і раёнах, ваша пастаяннае знаходжанне на баку законнасці і на баку найслабейшых становіцца для ўсіх нас навучаннем: вучыць нас, што дабро можа перамагчы нягледзячы ні на што, вучыць нас, што справядлівасць, вернасць і грамадзянская адданасць і сёння з'яўляюцца неабходнымі каштоўнасцямі, вучыць нас, што мы можам стварыць больш чалавечны, справядлівы і братэрскі свет, нягледзячы на супрацьстаянне сіл зла”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Папа падкрэсліў, што на гэтым шляху вайскоўцаў суправаджаюць капеланы, роля якіх не ў тым, каб благаслаўляць злачынныя ваенныя дзеянні, як гэта часам здаралася ў гісторыі. Служэнне капеланаў заключаецца ў тым, каб несці прысутнасць Хрыста, прапаноўваць блізкасць і духоўную падтрымку ў вайсковай службе на карысць дабра.
Францішак заклікаў вайскоўцаў не губляць з поля зроку мэту іх служэння: яны закліканы спрыяць жыццю, ратаваць жыццё, заўсёды абараняць жыццё.
“Прашу вас, калі ласка, быць пільнымі: не паддавацца спакусе пашыраць дух вайны, спакусе міфа пра моц і грукат зброі, ніколі не быць атручанымі ядам прапаганды нянавісці, якая дзеліць свет на сяброў, якіх трэба абараняць, і ворагаў, з якімі трэба змагацца. Будзьце, наадварот, мужнымі сведкамі Божай любові Айца, які жадае, каб мы ўсе былі братамі. Будзем ісці разам, каб пабудаваць новую эру міру, справядлівасці і братэрства”, - заклікаў Папа вайскоўцаў, паліцыю і службы бяспекі.