Анёл Панскі з Пантыфікам: хрост – нашае новае нараджэнне
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Свята Хросту Езуса, якое адзначаем сёння, прымушае нас задумацца пра многае, у тым ліку пра наш хрост”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што евангельскі ўрывак на гэта свята паказвае Езуса пасярод народу, які прымаў хрост для атрымання прабачэння грахоў, прыходзячы да Яна Хрысціцеля з пакорай – “з голай душой і босымі нагамі”.
“А калі таксама і Езус прыняў хрост, адбылося Аб’яўленне Бога, які не толькі паказаў сваё аблічча ў Сыне, але таксама дазволіў пачуць Яго голас, кажучы: “Ты Сын Мой Умілаваны. У Табе Маё ўпадабанне”. Аблічча і голас”, - сцвердзіў Францішак, прапануючы паразважаць над гэтымі дзвюма аспектамі Аб’яўлення Бога.
“Па-першае, аблічча. Аб’яўляючыся праз Сына, Бог устанаўлівае прывілеяванае месца, каб увайсці ў дыялог і адзінства з чалавецтвам. Гэта аблічча ўмілаванага Сына”, - сказаў Пантыфік. Па-другое, Нябесны Айцец даў пачуць свой голас, кажучы: “Ты Сын Мой Умілаваны”.
“Дарагія браты і сёстры, сённяшняе свята дазваляе нам сузіраць аблічча і голас Бога, які аб’явіўся ў чалавецтве Езуса. Таму давайце спытаемся ў сябе: ці адчуваем сябе любімымі Богам? Ці адчуваем, што Бог суправаджае нас або думаем, што Ён далёкі? Ці здольныя мы распазнаваць Яго аблічча ў Езусе і братах? Ці слухаем Яго голас?”, - прапанаваў задумацца Папа, адзначаючы таксама важнасць памяці пра дзень свайго хросту і святкавання яго як новага дня народзінаў.
“Давайце даверымся Панне Марыі, просячы ў Яе дапамогі, і не будзем забываць дату свайго хросту”, - заахвоціў Пантыфік перад марыйнай малітвай.