У перуанскай Амазоніі растуць чаканні ад візіту Льва XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пантыфік наведае Перу з 11 па 17 лістапада 2026 года, а адным з этапаў падарожжа стане Пукальпа ў самым сэрцы перуанскай Амазоніі. Для мясцовага духавенства і вернікаў вяртанне Льва XIV у краіну, дзе ён шмат гадоў быў місіянерам і біскупам, мае асаблівае значэнне. "Ён звяртаецца да нас якраз там, дзе нам баліць, і ведае, якое слова нам патрэбна", - кажа апостальскі вікарый Пуэрта-Мальданада біскуп Давід Марцінэс дэ Агірэ.
Апостальскі вікарый Ікітаса біскуп Мігель Анхель Кадэнас спадзяецца, што пастырскае пасланне Святога Айца пачуюць далёка за межамі Перу. На яго думку, гэтыя словы будуць фарміраваць Касцёл ва ўсёй Панамазоніі.
Сярод найважнейшых тэм іерархі называюць становішча карэнных народаў і наступствы, да якіх прыводзіць эксплуатацыя прыродных рэсурсаў. Менавіта горад Пукальпа, на думку біскупа Кадэнаса, можа стаць тым месцам, адкуль Леў XIV нагадае свету пра годнасць мясцовых жыхароў, пра дэградацыю навакольнага асяроддзя і пра неабходнасць клапаціцца пра стварэнне.
Прадстаўнікі епіскапату Перу лічаць, што візіт не можа зводзіцца выключна да ўрачыстасцей і вялікіх сходаў вернікаў. Ён павінен весці да пакаяння і да таго, каб служэнне Касцёла зноў дасягнула найбольш безабаронных людзей.
Такім яны бачаць працяг шляху, які распачаў Папа Францішак у Пуэрта-Мальданада ў 2018 годзе і які пазней прывёў да Сіноду, прысвечанага Амазоніі. Сёння біскупы перакананыя: візіт Льва XIV у Пукальпа стане новым этапам гэтага шляху – шляху Касцёла, які ўмее слухаць Амазонію, ведае яе раны і стаіць на абароне яе жыхароў.