Прымас Перу: няхай Папа “раззброіць” нашу краіну
Ян Глінскі
На тэму папскага візіту “Vatican News” паразмаўляла з арцыбіскупам Лімы кардыналам Карласам Густавам Кастыльё Матасольё. У інтэрв’ю перуанскі іерарх адзначыў, што прысутнасць Пантыфіка можа стаць імпульсам да ўмацавання веры, братэрства і імкнення да міру ў той час, калі краіна перажывае няпростыя часы.
Кардынал нагадаў, што Перу мае моцную каталіцкую традыцыю, а Папу тут успрымаюць як “сапраўднага сябра людзей, усяго народа”. Іерарх звярнуў увагу на асаблівую сувязь Льва XIV з жыхарамі Чыклаё, дзе Роберт Прэвост амаль дваццаць гадоў нёс місіянерскае і біскупскае служэнне.
Візіт Пантыфіка, як патлумачыў іерарх, адбываецца ў няпросты для Перу час, калі краіна перажывае сацыяльныя праблемы: адсутнасць бяспекі, забойствы на замову, вымаганні і іншыя з’явы, ад якіх пакутуюць перш за ўсё бедныя і безабаронныя. Прымас Перу перакананы, што прысутнасць Папы можа дапамагчы краіне аднавіць адданасць справе абароны жыцця, справядлівасці і салідарнасці.
На думку кардынала Матасольё, Леў XIV прыбудзе з пасланнем міру і братэрства, а таксама мае надзею, што Папа пакажа, як на практыцы можна рэалізаваць яго энцыкліку ў рэаліях Перу. Па словах іерарха, адзін з найбольшых выклікаў, перад якім стаіць яго краіна, – гэта аднаўленне здольнасці будаваць грамадства, якое ў стане прызнаваць разнастайнасць і ствараць адзінства. “Сёння мы выразна бачым, што найбольшая праблема Перу – гэта крызіс чалавечнасці”, – дадаў арцыбіскуп Ліма.
На заканчэнне кардынал Матасольё выказаў надзею, што папская пілігрымка прычыніцца да ўмацавання міру, заснаванага на дыялогу і паяднанні. “Няхай Святы Айцец дапаможа нам “раззброіцца”, каб няўзброены і раззбройваючы мір мог у паўнаце развівацца”, – заключыў прымас Перу.
Варта дадаць, што падрыхтоўка да візіту Папы распачалася ва ўсіх чатырох перуанскіх гарадах. Кардынал звярнуў асаблівую ўвагу на актыўны ўдзел у падрыхтоўцы лакальных супольнасцяў, моладзі, прадстаўнікоў карэннага насельніцтва і многіх іншых груп, што адлюстроўвае сацыяльнае і культурнае багацце Перу.