Візіт Папы: Лурд рыхтуецца прыняць да 150 тысяч пілігрымаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Санктуарый Маці Божай у Лурдзе паведаміў, што рэгістрацыя ўступіла ў апошнюю фазу і ў бліжэйшыя дні можа быць закрытая. Максімальную колькасць удзельнікаў вызначылі на ўзроўні 150 тысяч чалавек. Спачатку рэгістрацыю настойліва рэкамендавалі дзеля належнай арганізацыі, але цяпер яна стала абавязковай і застаецца бясплатнай.
Цікавасць да сустрэчы аказалася вельмі вялікай. За першыя 24 гадзіны пасля адкрыцця платформы 11 жніўня 2026 года зарэгістраваліся больш за 30 тысяч чалавек, а праз 10 дзён колькасць заявак перавысіла 100 тысяч Санктуарый звяртаецца да ўсіх, хто хоча ўдзельнічаць у папскіх урачыстасцях, з просьбай зарэгістравацца як мага хутчэй.
Зарэгістраваныя пілігрымы атрымаюць інфармацыю пра транспарт, шляхі даезду, уваход у санктуарый і размяшчэнне. Імша 27 верасня 2026 года ў 11.00 будзе адкрытая для ўсіх, калі дазволіць колькасць свабодных месцаў. Калі поле ля базілікі будзе запоўнена, за набажэнствам можна будзе сачыць на вялікіх экранах у іншых частках санктуарыя.
Леў XIV прыбудзе ў аэрапорт Тарб-Лурд-Пірэнеі ўвечары 26 верасня 2026 года і адразу адправіцца для малітвы ў Грот Аб’яўленняў. У нядзелю ён сустрэнецца з біскупамі Францыі, а затым будзе цэлебраваць Імшу. Таксама Папа правядзе прыватную сустрэчу з манахінямі кантэмпляцыйнага жыцця, а ўвечары далучыцца да ружанцовай малітвы і марыйнай працэсіі са свечкамі.