Пошук

Біскуп Бенуа Бертран Біскуп Бенуа Бертран 

Біскуп Бертран расказаў пра мэты падарожжа Льва XIV у Францыю

Льва XIV асабліва цікавіць адраджэнне веры ў Францыі, у тым ліку рост колькасці катэхуменаў і новаахрышчаных, адзначыў біскуп Бенуа Бертран.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа наведае Францыю з 25 па 28 верасня 2026 года. У праграме апостальскага падарожжа – Парыж, Лурд і Мец.

Паводле біскупа Бенуа Бертрана, які ўзначальвае арганізацыйны камітэт візіту, Святы Айцец прыбывае, каб "умацаваць у веры і падтрымаць касцельную супольнасць". Ён адзначыў, што Льва XIV асабліва цікавіць дынаміка духоўнага адраджэння ў Францыі, у прыватнасці з'ява катэхуменаў і новаахрышчаных.

Біскуп паведаміў, што Пантыфік таксама хоча сустрэцца ў Лурдзе з хворымі, людзьмі пры канцы жыцця і ўцекачамі. Асобнае месца ў праграме займае сустрэча з моладдзю на стадыёне "Стад дэ Франс". Падчас падарожжа таксама запланавана прыватная сустрэча з ахвярамі сексуальнага гвалту і іншых злоўжыванняў у Касцёле.

Паводле біскупа Бертрана, уключыць Мец у маршрут пажадаў сам Папа. Ён хоча менавіта з гэтай зямлі, "пазначанай трыма войнамі", звярнуцца да Еўропы і свету з пасланнем згоды, міру і сяброўства паміж народамі.

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Францыі кардынал Жан-Марк Авелін таксама імкнецца надаць сустрэчы еўрапейскі характар праз запрашэнне прадстаўнікоў суседніх епіскапатаў і манаскіх супольнасцей памежных рэгіёнаў.

Біскуп Бертран падкрэсліў, што падарожжа пройдзе неўзабаве пасля легалізацыі ў Францыі эўтаназіі і так званага дапаможнага самагубства. Паводле яго, словы Папы будуць мець у першую чаргу душпастырскі характар, але ён пацвердзіць "неад'емную годнасць кожнага чалавечага жыцця" і падтрымку найбольш безабаронных.

Арганізатар паведаміў таксама, што падрыхтоўка вядзецца ў цесным супрацоўніцтве з дзяржаўнымі ўладамі. Для правядзення сустрэч яшчэ патрэбныя валанцёры, а канчатковы бюджэт будзе залежаць ад колькасці ўдзельнікаў.
 

10 жніўня 2026, 11:12