У Перу апублікавалі малітву да візіту Льва XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Іерархі заахвочваюць вернікаў маліцца за багатыя плёны папскай пілігрымкі ў Ліму, Пукальпу, Куска і Чыклаё. "З вялікай радасцю чакаем апостальскага візіту Святога Айца, бо яго прысутнасць паміж намі стане сапраўдным дарам для нашага народа і нагодай для абнаўлення нашай веры, умацавання надзеі ды супольнага шляху як Касцёл у служэнні Евангеллю", - падкрэсліў біскуп Карлас Гарсія Камадэр, старшыня Канферэнцыі Біскупаў.
У абвешчанай малітве знаходзіць адлюстраванне адно з галоўных пасланняў пантыфікату Льва XIV, якое прагучала ў яго першых словах пасля абрання на Пасад Пятра: заклік да будавання бяззбройнага і абяззбройваючага міру. Рыхтуючыся да сустрэчы з Папам, вернікі будуць прасіць за мір, які “спыняе канфлікты, супакойвае насілле, перамагае нянавісць і адкрывае прастору для супольнага шляху як адкуплены Божы народ".
Перуанскія біскупы адзначылі асаблівую сувязь Льва XIV з краінай, дзе ён быў душпастырам больш за 20 гадоў. Роберт Прэвост быў Біскупам Чыклаё ў 2015-2023 гадах, а з 2018 па 2023 год выконваў абавязкі віцэ-старшыні епіскапату. З 2015 года ён таксама з’яўляецца грамадзянінам Перу. Спасылаючыся на гэтыя ўзаемадачыненні, іерархі назвалі будучы візіт Пантыфіка "часам ласкі, абнаўлення і камуніі”.
Апостальскае падарожжа, запланаванае на 11-17 лістапада 2026 года, стане чацвёртым папскім візітам у Перу. Двойчы гэтую краіну наведваў святы Ян Павел II у 1985 і 1988 гадах, а ў 2018 годзе туды здзейсніў пілігрымку Францішак. Леў XIV правядзе ў Перу 6 дзён і наведае Ліму, Пукальпу, Куска і Чыклаё.
У тэксце малітвы біскупы давяраюць папскі візіт заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, святога Турыбія з Магравеха і ўсіх перуанскіх святых, спадзеючыся, што прысутнасць Святога Айца паспрыяе абнаўленню надзеі і міру ва ўсёй краіне.