Пошук

Арцыбіскуп Лімы кардынал Карлас Кастыльё Матасольё падчас сустрэчы з Львом XIV Арцыбіскуп Лімы кардынал Карлас Кастыльё Матасольё падчас сустрэчы з Львом XIV 

Арцыбіскуп Лімы пра абнаўленні Касцёла і візіце Льва XIV

Касцёл павінен быць больш дынамічным, адкрытым для свецкіх і менш клерыкальным, заявіў арцыбіскуп Лімы кардынал Карлас Кастыльё Матасольё.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

76-гадовы іерарх у інтэрв'ю для “EWTN” падкрэсліў, што вера не можа абмяжоўвацца індывідуальнымі адносінамі чалавека з Богам. "Не можам перажываць веру як свайго роду духоўную арыстакратыю", - адзначыў ён, заклікаючы жыць так, як жыў Езус, і дапамагаць іншым.

Важную ролю ў жыцці Касцёла ў Ліме адыгрываюць свецкія, асабліва жанчыны, якія нясуць адказнасць за дзейнасць супольнасцей. Кардынал звярнуў увагу на патрэбу абнаўлення святарскай фармацыі, бо некаторыя сучасныя мадэлі занадта жорсткія. На яго думку, патрэбныя душпастыры, якія заўсёды моляцца, знаходзяцца побач з людзьмі і адкрытыя да супрацоўніцтва.

Кардынал Кастыльё выказаўся за паглыбленне сінадальнасці, якая вучыць слухаць і разам шукаць адказы, але не ператварае Касцёл у "свайго роду парламент". Архідыяцэзія Лімы ўжо правяла два сінадальныя сходы, рэкамендацыі якіх паступова ўвасабляюцца ў жыццё.

Вялікую ўвагу іерарх удзяляе моладзі і фарміраванню яе здольнасці да самастойнага мышлення, выказваючы занепакоенасць уплывам штучнага інтэлекту.

Візіт Льва XIV у Перу, запланаваны на 11-17 лістапада 2026 года, стане нагодай для абнаўлення місіянерскага духу Касцёла ў Ліме. Праграма знаходжання ў сталіцы ўключае сустрэчы са зняволенымі і моладдзю, святую Імшу на лётным полі авіябазы "Las Palmas".

Кардынал прыгадаў, што яго знаёмства з Львом XIV замацавалася падчас пандэміі Covid-19, і назваў Папу чалавекам спакойным, мудрым і здольным слухаць. "Лічу, што мы маем справу са святым, з вельмі святым чалавекам", – падкрэсліў арцыбіскуп Лімы.

Адказваючы на пытанне пра будучыню, ён дадаў, што хацеў бы застацца ў памяці "проста як добры святар", які ўмеў прасіць прабачэння за свае памылкі.
 

15 жніўня 2026, 13:06