Лёс і мары моладзі: Леў XIV узначаліць літургію ў Асізі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З 3 па 6 жніўня 2026 года італьянскі горад Асізі прымае больш за 2 тысячы юнакоў і дзяўчат са ўсёй Еўропы на форуме "GO! Franciscan Youth Meeting". Галоўнай падзеяй гэтых дзён стане пастырскі візіт Льва XIV, які прыбывае 6 жніўня 2026 года ў базіліку "Santa Maria degli Angeli".
Святы Айцец памоліцца ў капліцы Порцыюнкула, выслухае трох маладых людзей і адкажа на іх пытанні. Пасля прыватнай сустрэчы з францішканскімі супольнасцямі Папа ўзначаліць святую Імшу ва ўрачыстасць Перамянення Пана.
Супольны шлях, малітва і праца ў майстэрнях
Праграма сустрэчы спалучае супольную малітву, дыскусіі і духоўныя роздумы. Удзельнікі разгледзяць тэмы міру, прабачэння і пошуку свайго паклікання. Маладыя людзі таксама могуць наведаць адмысловыя выставы.
Адзін з арганізатараў сустрэчы брат Брат Лука Дзі Паскуале сумуе з таго, што многія сучасныя маладыя людзі больш нічога не жадаюць і перастаюць марыць. "Мы чакаем ад Пантыфіка слова, якое закліча юнакоў і дзяўчат не апускаць вёслы", - падкрэсліў 38-гадовы францішканін.
На яго думку, Папа здольны пабудаваць мост паміж моладдзю і паўнавартасным жыццём, якое ім не заўсёды ўдаецца “схапіць”. Эўхарыстыя і адказы Льва XIV на пытанні моладзі ў базіліцы "Santa Maria degli Angeli" стануць кульмінацыяй гэтых дзён.
Святы Францішак як сучаснік і вялікі летуценнік
Адказваючы на пытанні “Vatican News”, брат Лука звярнуў увагу на тое, як постаць святога з Асізі прываблівае нават няверуючых. "Францішак уражвае, і тое, што вабіць у ім, – гэта яго простасць і здольнасць прамаўляць да жыцця моладзі так, нібы ён іх сучаснік", - адзначыў законнік.
Ён нагадаў, што святы Францішак ніколі не быў юнаком, які задавольваўся малым, а заўсёды адважваўся на большае. Акрамя таго, арганізатар "GO! Franciscan Youth Meeting" растлумачыў памылковасць спрошчанага ўспрымання “Гімна стварэння” як простага экалагічнага твора. Насамрэч ён паўстаў у хвіліны адзіноты і пакут як песня хвалы Богу праз Яго стварэнне.
Сінтэз вопыту і місіянерскі імпульс
Падчас чатырохдзённага форуму маладыя людзі працуюць у майстэрнях, прысвечаных міру, прабачэнню і пакліканню. Брат Лука спадзяецца, што гэта дапаможа моладзі даць працяг унутраным пошукам і знайсці надзейнага суправаджальніка.
Напрыканцы сустрэчы ўсе ўдзельнікі атрымаюць адмысловую місіянерскую карту, складзеную на аснове іх супольных абмеркаванняў. З гэтым дакументам хлопцы і дзяўчаты вернуцца ў свае мясцовыя супольнасці па ўсёй Еўропе.