Леў XIV сустрэнецца ў Асізі з тысячамі маладых еўрапейцаў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Праграма візіту Пантыфіка прадугледжвае ранішнюю сустрэчу з удзельнікамі форуму ў базіліцы Маці Божай Анёльскай. Падчас яе Леў XIV прапануе моладзі духоўныя арыенціры, якія дапамогуць адказаць на выклікі сучаснасці, абапіраючыся на прыклад і духоўную спадчыну святога Францішка Асізскага. Пасля сустрэчы Папа ўзначаліць святую Імшу, на завяршэнне якой закліча маладых еўрапейцаў дзяліцца радасцю Евангелля і несці францішканскі дух у свае супольнасці і краіны.
Форум “GO! Franciscan Youth Meeting” пройдзе з 3 па 6 жніўня 2026 года. У яго праграме – тэматычныя майстар-класы, малітоўныя сустрэчы, дыялогавыя пляцоўкі і музычны конкурс “Fra GOspel”.
Мерапрыемства арганізавана францішканскімі ордэнамі і супольнасцямі Асізі ў супрацоўніцтве з дыяцэзіямі Асізі-Ночэра Умбра-Гуальда Тадзіна і Фаліньё, а таксама з муніцыпалітэтам Асізі.
Форум мае асаблівае духоўнае значэнне, бо праходзіць у межах святкавання 800-годдзя з дня смерці святога Францішка Асізскага. “Гэтая сустрэча нарадзілася з жадання даць голас глыбокаму прагненню, якое жыве ў сэрцы кожнага маладога чалавека – прагненню сустрэць Пана. Ідучы шляхам святога Францішка, мы хочам будаваць масты, каб кожны малады чалавек мог нанова адкрыць прыгажосць гэтай надзеі ў сваім штодзённым жыцці і ўбачыць Аблічча Бога, які становіцца прысутным у кожным чалавеку, асабліва ў малых і найбольш уразлівых”, - заявілі арганізатары асізскага францішканскага форуму.
