Кардынал: прысвяціць Францыю Багародзіцы, як зрабіў Людовік XIII
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
15 жніўня 2026 года, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, кардынал Крыстоф П'ер узначаліў марыйную працэсію вакол парыжскай катэдры Нотр-Дам. Працэсія завяршылася ўрачыстымі Нешпарамі, падчас якіх іерарх нагадаў пра гістарычную прысягу французскага манарха.
У інтэрв'ю для "Tribune Chrétienne" кардынал падкрэсліў, што гаворка ідзе не проста пра старонку мінулага. Прысвячэнне Францыі Багародзіцы – гэта не забытая гісторыя, сказаў ён, дадаўшы, што хрысціянскае пасланне надзеі павінна перадавацца наступным пакаленням.
Вера перад тварам сучасных выклікаў
Гаворачы пра сучасныя праблемы – ад развіцця штучнага інтэлекту да спакусы злоўжывання ўладай – кардынал заклікаў па-новаму прачытаць веру продкаў. "У гэты цяжкі момант гісторыі знайшліся французы, якія мелі досыць веры, каб скласці такую прысягу", - нагадаў ён.
Іерарх адзначыў міжнародны характар парыжскай урачыстасці, у якой удзельнічалі як жыхары сталіцы, так і госці з-за мяжы. Ён падзякаваў за замежную дапамогу ў аднаўленні катэдры пасля пажару 2019 года, асабліва вылучыўшы ўнёсак амерыканцаў. "Гісторыя Найсвяцейшай Панны Марыі – гэта ўцелаўленне Бога ў нашай гісторыі", - дадаў кардынал.
Гістарычны крок і духоўная спадчына
Акт пасвячэння сягае 1638 года: тады кароль Людовік XIII, пасля больш як 20 гадоў бяздзетнага шлюбу і ў разгар Трыццацігадовай вайны, урачыста аддаў сябе, карону і каралеўства пад апеку Марыі. Ён загадаў, каб кожнага 15 жніўня ў гарадах праводзіліся працэсіі ў памяць пра гэты жэст.
Нараджэнне будучага караля Людовіка XIV праз некалькі месяцаў толькі ўмацавала памяць пра прысягу як пра знак Божага Провіду. Так гэты крок упісаў народ ў асаблівую сувязь з Багародзіцай – сувязь, якая захавалася да сённяшняга дня.
Кардынал П'ер нарадзіўся ў 1946 года ў Рэне і з'яўляецца дыпламатам Святога Пасада. Ён служыў апостальскім нунцыем на Гаіці, ва Угандзе, Мексіцы, а да 7 сакавіка 2026 года – у Злучаных Штатах Амерыкі. Кардыналам ён стаў падчас пантыфікату Францішка ў 2023 годзе.