Біскуп Мілтан Трокалі Біскуп Мілтан Трокалі 

Біскуп: візіт Папы ва Уругвай стане дарам для ўсёй краіны

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Уругвая назваў лістападаўскі візіт Льва XIV у краіну доўгачаканым дарам, які павінен умацаваць Касцёл і прынесці надзею ўсяму грамадству.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Леў XIV наведае Уругвай 6-8 лістапада 2026 года ў рамках апостальскага падарожжа ў Лацінскую Амерыку, якое таксама будзе ўключаць Аргенціну і Перу.

Біскуп Мілтан Трокалі ў каментары для “Vatican News” выказаў упэўненасць, што Папа заахвоціць мясцовую каталіцкую супольнасць працягваць евангелізацыю і ўмацуе яе ў веры. Паводле яго слоў, візіт мае асаблівае значэнне для Уругвая, дзе грамадства моцна секулярызаванае. Біскуп спадзяецца, што Леў XIV дапаможа адкрыць новыя магчымасці для дыялогу паміж Касцёлам і грамадствам.

Іерарх заўважыў, што 8 лістапада Папа ўзначаліць святкаванне ўрачыстасці Дзевы Трыццаці Трох – апякункі Уругвая. Ён памоліцца перад яе абразом і сустрэнецца з пілігрымамі. Паводле біскупа Трокалі, гэта стане адным з галоўных духоўных момантаў візіту.

Дзева Трыццаці Трох – адна з найбольш важных рэлігійных святыняў Уругвая. Невялікая драўляная фігурка Панны Марыі, якая паходзіць з XVIII стагоддзя, захоўваецца ў Нацыянальным санктуарыі ў горадзе Фларыда, у ста кіламетрах ад Мантэвідэо. Яна звязана з гісторыяй краіны: паводле традыцыі, перад ёй маліліся ўдзельнікі руху за незалежнасць Уругвая, у тым ліку “Трыццаць тры ўсходнія патрыёты”, ад якіх і паходзіць яе назва. Сёння Дзева Трыццаці Трох лічыцца сімвалам веры і нацыянальнай гісторыі Уругвая.

Леў XIV будзе другім Папам, які наведае Уругвай. Раней краіну двойчы наведваў святы Ян Павел II. Уругвайскі епіскапат спадзяецца, што новы візіт стане знакам блізкасці Папы да мясцовага Касцёла і дапаможа аднавіць хрысціянскія карані краіны.
 

08 жніўня 2026, 12:11