Пошук

Фігура Маці Божай, якая ўшаношваецца ў санктуарыі аргенцінскага Лухан Фігура Маці Божай, якая ўшаношваецца ў санктуарыі аргенцінскага Лухан 

Аргенціна: улады і Касцёл рыхтуюць візіт Пантыфіка

18 жніўня 2026 года ў Буэнас-Айрэсе прадстаўнікі Касцёла і ўладаў Аргенціны абмеркавалі падрыхтоўку да візіту Льва XIV, запланаванага на 8-11 лістапада 2026 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

18 жніўня 2026 года арцыбіскуп Буэнас-Айрэса Хорхе Ігнасіа Гарсія Куэрва і члены Нацыянальнага камітэта па падрыхтоўцы і каардынацыі візіту Папы Льва XIV сустрэліся ў Каса-Росада – прэзідэнцкай рэзідэнцыі – з прадстаўнікамі ўладаў Аргенціны.

Размова ішла пра арганізацыю візіту і каардынацыю падзей з удзелам Святога Айца. Сустрэчу ўзначаліла генеральны сакратар Канцылярыі Прэзідэнта Карына Мілей. У ёй таксама ўдзельнічаў апостальскі нунцый у краіне арцыбіскуп Майкл Банах.

Да абмеркавання падзей, запланаваных у Буэнас-Айрэсе, далучыліся дапаможныя біскупы сталічнай архідыяцэзіі Пэдра Канаво і Іван Дарнелес, а таксама прадстаўнікі гарадскіх уладаў.

Удзельнікі сустрэчы разгледзелі пытанні арганізацыі масавых мерапрыемстваў, бяспекі і супрацоўніцтва паміж цэнтральнымі ўладамі і ўладамі правінцый Буэнас-Айрэс і Кордава. Асаблівую ўвагу надалі неабходнасці цеснай каардынацыі ўсіх устаноў, задзейнічаных у падрыхтоўцы папскага візіту.

Супрацоўніцтва паміж Нацыянальным камітэтам, мясцовымі Касцёламі, якія наведае Леў XIV, урадам Аргенціны і мясцовымі ўладамі будзе працягвацца. Арцыбіскуп Банах падзякаваў прадстаўнікам уладаў за супрацоўніцтва і падкрэсліў значэнне супольных дзеянняў для належнай падрыхтоўкі папскага візіту.

Леў XIV наведае Аргенціну з 8 па 11 лістапада 2026 года. Акрамя Буэнас-Айрэса, у праграме візіту – Кордава і марыйны санктуарый у Лухане.
 

20 жніўня 2026, 09:23