Папскі візіт і закон пра эўтаназію: чаканні біскупаў Францыі
Ян Глінскі
“Не магу дачакацца, каб пачуць, што Святы Айцец скажа прадстаўнікам палітычнай эліты. Я веру, што ён узмоцніць пасланне, якое Касцёл у Францыі нястомна абвяшчае па гэтым пытанні”, - адзначыў біскуп Лурдскі Жан-Марк Міка ў размове з амерыканскім выданнем „The National Catholic Register”.
Праграма візіту, між іншым, уключае дзень у Лурдзе. На думку французскага іерарха, менавіта гэтае месца можа стаць найважнейшым пунктам папскага паслання на тэму абароны жыцця. Лурд, як падкрэсліў біскуп, мае асаблівае значэнне ў гэтых дэбатах. Гэтае месца, дзе больш за 160 гадоў збіраюцца хворыя і непаўнаспраўныя, нагадвае пра неад’емную годнасць кожнага чалавека. “Лурд – гэта свет, перавернуты дагары нагамі: месца, дзе беднасць, хвароба і непаўнаспраўнасць не ўтойваюцца, а з’яўляюцца часткай чалавечай рэчаіснасці”, – адзначыў біскуп Лурдскі, назваўшы мясцовы марыйны санктуарый “прыгожай лабараторыяй гуманізму”. На яго думку, такое бачанне чалавека цалкам супярэчыць логіцы легалізацыі эўтаназіі; а абавязак Касцёла – нагадваць вернікам, што само існаванне закона не азначае маральнай слушнасці таго ці іншага дзеяння.
Візіт Льва XIV запланаваны на 25-28 верасня 2026 года. Гэта будзе яго першае падарожжа ў Францыю як Пантыфіка, і першы папскі візіт у гэтай краіне за апошнія дваццаць гадоў.
Падрыхтоўка да прыезду Папы выклікала вялікі рэзананс. Распачаты ў сярэдзіне ліпеня агульнанацыяльны збор сродкаў на пакрыццё выдаткаў візіту, якія ацэньваюцца прыкладна ў 15 мільёнаў еўра, прыцягнуў ахвярадаўцаў таксама з пазакасцельных колаў.