Касцёл Святой Сям’і ў Газе Касцёл Святой Сям’і ў Газе  (AFP or licensors)

Гадавіна атакі на парафію ў Газе: малітва за загінулых і мір

У першую гадавіну ізраільскага ракетнага ўдару па касцёле Святой Сям’і ў Газе, які адбыўся 17 ліпеня 2025 года і забраў жыцці трох чалавек, у парафіі адбудзецца Імша ў інтэнцыі загінулых, параненых і іх сем’яў.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У нядзелю, 19 ліпеня 2026 года ў касцёле Святой Сям’і ў Газе будуць маліцца за ахвяр ізраільскага налёту, а таксама за прабачэнне і мір. Пра гэта паведаміў пробашч парафіі, айцец Габрыэль Раманэлі.

Рэйд ізрайльскай арміі “глыбока ўзрушыў Касцёл і ўвесь свет”, - адзначыў айцец Раманэлі. Леў XIV адрэагаваў на яго падчас малітвы “Анёл Панскі”, выказаўшы глыбокі смутак з нагоды трагедыі, згадаўшы імёны ахвяр і заклікаўшы да міру і павагі да міжнароднага гуманітарнага права.

У выніку нападу загінулі 60-гадовы вартаўнік Саад Іса Кастандзі Саламех, а таксама дзве парафіянкі: 84-гадовая Фумія Іса Латыф, якая знаходзілася ў цэнтры псіхалагічнай падтрымкі “Caritas”, і Наджва Абу Давуд, якая памерла праз некалькі гадзін ад атрыманых раненняў. Сам айцец Раманэлі атрымаў лёгкае раненне нагі і быў дастаўлены ў шпіталь.

Сёння, праз год пасля інцыдэнту, нягледзячы на рэжым спынення агню, жыццё ў Сектары Газа застаецца надзвычай цяжкім. 16 ліпеня 2026 года ў выніку аперацый ізраільскай арміі – удараў беспілотнікаў у раёне на захад ад Хан-Юніса, атак на намёты бежанцаў на ўзбярэжжы Газы і абстрэлаў раёнаў Зейтун і Туфах – загінулі пяць чалавек.

Як паведаміў у сацыяльных сетках айцец Раманэлі, многія дарогі разбураныя і непраходныя, не хапае транспартных сродкаў, што значна ўскладняе нават кароткія паездкі ў межах Газы. Асфальта няма: замест яго – выбоіны, абломкі, друз, пагнутае жалеза, шкло. Цэны на паліва надзвычай высокія. “Літр дызельнага паліва каштуе каля 13,50 долараў. Што да бензіну, то цана прыкладна ўдвая вышэйшая: 27 долараў за літр”, - распавёў святар. У гэтым кантэксце парафія Святой Сям’і фінансуе некалькі аўтобусаў і мікрааўтобусаў, каб дзеці і моладзь маглі наведваць летнія заняткі ў араторыі святога Юзафа.

Як паведаміла “Guardian”, міжнародныя намаганні па аднаўленні Сектара Газа прасоўваюцца павольна. Рада міру (Board of Peace) Трампа адмовілася ад комплекснага плана рэканструкцыі Газы на карысць невялікага пілотнага праекта. Тым часам, паводле звестак Нарвежскай рады па справах бежанцаў, амаль мільён унутрана перамешчаных асоб працягвае жыць у намётах і часовых сховішчах ва ўмовах летняй спёкі.

18 ліпеня 2026, 10:34