Пошук

Прадстаўнікі моладзі падчас сустрэчы Асацыяцыі Біскупскіх Канферэнцыі Усходняй Афрыкі Прадстаўнікі моладзі падчас сустрэчы Асацыяцыі Біскупскіх Канферэнцыі Усходняй Афрыкі 

Усходняя Афрыка: будучыня моладзі ў цэнтры ўвагі біскупаў

Больш шырокі ўдзел моладзі ў жыцці Касцёла і грамадства, падтрымка адукацыі, прадпрымальніцтва і евангелізацыі ў лічбавым свеце – галоўныя напрамкі чатырохгадовага плана, прынятага біскупамі Усходняй Афрыкі.


Аляксандр Панчанка – Vatican News

З 21 па 26 ліпеня 2026 года ў Найробі прайшло 21-е пленарнае пасяджэнне Асацыяцыі біскупскіх канферэнцый Усходняй Афрыкі (AMECEA). У форуме ўдзельнічалі каля 140 біскупаў з дзевяці краін-членаў арганізацыі – Судана, Паўднёвага Судана, Эфіопіі, Эрытрэі, Уганды, Кеніі, Танзаніі, Малаві і Замбіі, а таксама іерархі з Джыбуці і Самалі.

Падчас сустрэчы біскупы зацвердзілі план душпастырскай дзейнасці, разлічаны на наступныя чатыры гады. Ён прадугледжвае спрыянне больш шырокаму ўдзелу маладых людзей у жыцці Касцёла і грамадства, развіццё лічбавай евангелізацыі, падтрымку адукацыі і прадпрымальніцтва, адраджэнне малых хрысціянскіх супольнасцей. Іерархі таксама плануюць узмацніць абарону моладзі ад злоўжыванняў.

У заяве, апублікаванай на заканчэнне пасяджэння, біскупы Усходняй Афрыкі заклікалі палітыкаў не выкарыстоўваць складанае становішча моладзі дзеля ўласнай палітычнай выгады.

“Маладыя людзі адкрыта сказалі нам, што часта адчуваюць сябе выкарыстанымі падчас выбарчых кампаній і забытымі, як толькі галасы падлічаны”, - адзначылі іерархі. Яны заклікалі палітычных лідараў рэгіёна быць крыніцай надзеі для моладзі праз спрыянне яе ўдзелу ў грамадскім жыцці, абарону чалавечай годнасці, забеспячэнне доступу да адукацыі, падтрымку прадпрымальніцтва, стварэнне годных працоўных месцаў, гарантаванне бяспечнай міграцыі і вырашэнне канфліктаў праз дыялог.

Біскупы нагадалі моладзі, што яна з’яўляецца не толькі будучыняй Касцёла, але важнай часткай яго сённяшняй місіі. Яны заклікалі маладых людзей, па прыкладзе вучняў з Эмаус, крочыць разам з Хрыстом, дазваляць Святому Пісанню і Эўхарыстыі перамяняць іх сэрцы і станавіцца радаснымі сведкамі Евангелля.

Падчас сустрэчы новым старшынёй Асацыяцыі Біскупскіх Канферэнцый Усходняй Афрыкі быў абраны арцыбіскуп Мбеі ў Танзаніі Джэрвэс Джон Мвасіквабхіла Ньяйсонга. Іерарх пацвердзіў, што моладзь застанецца ў цэнтры пастырскіх прыярытэтаў арганізацыі на наступныя чатыры гады.

“Мы павінны даць маладым людзям адказ, які будзе выражаны ў канкрэтных дзеяннях”, - заявіў арцыбіскуп Ньяісонга, падкрэсліўшы, што Касцёл павінен ісці побач з маладымі людзьмі і адказваць на іх штодзённыя цяжкасці з “спачуваннем і адданасцю”.

Пасяджэнне Асацыяцыі Біскупскіх Канферэнцый Усходняй Афрыкі стала важнай падзеяй для рэгіёна. Святую Імшу на адкрыццё форуму ўзначаліў кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. У ёй бралі ўдзел шматлікія палітычныя дзеячы, а таксама больш за 15 тысяч маладых людзей. Біскупы назвалі гэты ўдзел “моцным сведчаннем жывой веры і надзеі моладзі рэгіёна”.
 

29 ліпеня 2026, 13:20