Пошук

Кардынал Чэрны: быць зернем надзеі і закваскай, якая змяняе свет

Хрысціяне не павінны безразборліва пераймаць шляхі свету, аслабляючы сваю хрысціянскую тоеснасць або змякчаючы патрабаванні Евангелля, але перамяняць свет знутры, нагадаў кардынал Майкл Чэрны.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, здзяйсняе візіт у Кенію, дзе прымае ўдзел у 21-м пленарным пасяджэнні Асацыяцыі Біскупскіх Канферэнцый Усходняй Афрыкі (AMECEA).

Форум праходзіць з 19 па 26 ліпеня 2026 года ў Каталіцкім універсітэце Усходняй Афрыкі ў Найробі. У ім удзельнічаюць каля 140 біскупаў, якія прадстаўляюць епіскапаты дзевяці краін-членаў Асацыяцыі – Судана, Паўднёвага Судана, Эфіопіі, Эрытрэі, Уганды, Кеніі, Танзаніі, Малаві і Замбіі, а таксама іерархі з Джыбуці і Самалі.

Для кардынала Чэрнага паездка ў Афрыку стала адной з апошніх афіцыйных місій у якасці прэфекта. 1 верасня ён саступіць гэту пасаду італьянскай салезіянцы, сястры Алесандры Смерылі.

Падчас святой Імшы на адкрыццё пленарнага пасяджэння AMECEA ватыканскі кардынал нагадаў, што Божае Валадарства ўжо прысутнічае сярод нас, але патрабуе служэння хрысціян, што Езус паказаў праз тры прыпавесці: пра гарчычнае зерне, пшаніцу і пустазелле, а таксама пра закваску.

Гарчычнае зерне паказвае, што нават маленькія справы, зробленыя з верай і надзеяй, могуць змяняць свет, адзначыў іерарх. Ён падкрэсліў, што хрысціяне пакліканы не паддавацца песімізму, а заўважаць дабро, якое Бог ужо здзяйсняе, і самім станавіцца зернем надзеі.

Прыпавесць пра пшаніцу і пустазелле, як адзначыў кардынал, вучыць нас мудрасці і цярплівасці. Бог не знішчае зло адразу, бо паспешлівыя рашэнні могуць пашкодзіць і тое добрае, што яшчэ расце. Гэта не азначае, што трэба быць абыякавымі да зла. Наадварот, трэба яго распазнаваць і супрацьстаяць яму, але рабіць гэта мудра, без нянавісці і жадання хуткай помсты, - сказаў ватыканскі іерарх.

“Дарагія сябры, такі мудры і цярплівы падыход, уласцівы Божаму Валадарству, павінен дапамагчы нам, вучням Езуса, развіваць штодзённую дыпламатыю, будуючы масты паміж сабой і з усімі людзьмі – як у Касцёле, так і ў грамадстве!”, - дадаў ён.

Нарэшце, прыпавесць пра закваску паказвае, што сапраўдная перамена часта адбываецца ціха. Як закваска змяняе цеста, так і хрысціяне пакліканы не шукаць знешняй славы, а сваім жыццём знутры перамяняць свет: праз любоў, служэнне, малітву і клопат пра іншых, адзначыў кардынал.

“Вось трэцяе заданне, даручанае нам тут: будаваць сапраўдныя “масты еднасці”. Гэта не азначае безразборліва пераймаць або засвойваць шляхі свету, аслабляючы нашу хрысціянскую тоеснасць або змякчаючы патрабаванні Евангелля. Гэта азначае быць у свеце перамяняючай сілай, падобнай да закваскі”, - падкрэсліў кардынал Чэрны.
 

21 ліпеня 2026, 10:26